Лёс Змітрака Бядулі ў чымсьці нагадвае лёс Хаіма Суціна. Сваім яўрэйскім паходжаннем. Тым, што абодва жылі і фарміраваліся разам з геніямі свайго часу: Бядуля сябраваў і працаваў з Купалам і Багдановічам, Суцін — з Мадзільяні і Шагалам. Абодва пражылі кароткае жыццё і скончылі яго ў гады ліхалеццяў Другой сусветнай вайны. Нарэшце, абодва, на жаль, пакуль не займаюць таго месца ў нацыянальнай культуры Беларусі, якое яны даўно і па праве заслужылі. Бядуля сёння мала выдаецца, даўно няма новых манаграфій. У Суціна не было ніводнай выстаўкі на радзіме, няма яго твораў у школьных падручніках, толькі некалькі арыгінальных работ набыты ў Беларусі апошнім часам.
Хачу, каб вершы аднаго з найвыдатнейшых паэтаў беларускай літаратуры Змітрака Бядулі чулі і не забывалі.
Куплет 1:
Дазволь цябе любіць,
Як кветачку на полі,
Як явар малады,
Што над ракой стаіць,
Як залатую птушку,
Што жыве на волі,
Дазволь цябе любіць.
Дазволь цябе любіць.
(тут і далей 5-8-ы радкі куплета паўтараюцца 2 разы)
Куплет 2:
Дазволь цябе любіць
За песню, што я чую,
За срэбны гучны смех,
Што чыстатой звініць,
За вочы ясныя,
За душу маладую
Дазволь цябе любіць.
Дазволь цябе любіць.
Куплет 3:
Дазволь цябе любіць
За светлыя часіны,
Якія ты даеш
Мне ў шчасці перажыць,
За шчырае натхненне,
Мілая дзяўчына,
Дазволь цябе любіць.
Дазволь цябе любіць.
Вершы — Змітрок Бядуля, музыка — Яўген Ксяневіч
P.S.Змітрок Бядуля (1886—1941) — выдатны беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Сваёй творчасцю ўслаўляў беларускі народ, узбагачаў яго культуру і мастацтва. Аўтар шэрагу твораў, у тым ліку кніг паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927). Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Рубрыку вядзе Яўген КСЯНЕВІЧ, «Звязда» (zviazda.by)