Дваццаты нумар часопіса «ПрайдзіСвет» мы (рэдакцыя часопіса. Прыкм. «Авив») вырашылі зноў зрабіць «нацыянальным». У адрозненне ад папярэдніх, нямецкага і нарвежскага, нумароў, гэты прысвечаны народу, мове і творам, якія раней былі вельмі важнай часткай нашай гісторыі і культуры.
Да Другой сусветнай вайны ў беларускіх гарадах і мястэчках амаль палову (а недзе і больш) насельніцтва складалі габрэі, якія гаварылі і пісалі пра сябе і сваю зямлю на ідышы, на іўрыце, па-беларуску, па-руску, па-польску. Але пасля Катастрофы іх галасы або сціхлі назаўжды ў безыменных магілах, або загучалі далёкім водгуллем з іншых краінаў і кантынентаў. І калі мы, людзі сённяшняй Беларусі, спрабуем азірнуцца і скласці вобраз сваёй мінуўшчыны, то заўжды адчуваем недахоп таго вялізнага аскепка гісторыі, які дагэтуль не змаглі аднавіць і асэнсаваць як на агульнанацыянальным узроўні, так і на прыватным.
Мы не спрабуем гаварыць ад імя габрэйскай супольнасці, бо большасць з нас не прылічвае сябе да габрэйскага народу. Нам важна, каб габрэйская літаратура, створаная тут або тымі, хто нарадзіўся ў Беларусі ці на прасторах нашай агульнай (Усходняй) Еўропы і адчуваў гэты край сваім, была прачытаная, каб гэтыя забытыя і жывыя галасы былі пачутыя. Каб багатая ідышамоўная спадчына Беларусі, якую мы лічым нашай, як і рускамоўную, і польскамоўную, зноў была зразуметая і прынятая, каб яна зрабілася фактам нашай культуры і ўвайшла ў айчынную гісторыю літаратуры. Успамінаць і вяртаць імёны і тэксты, асэнсоўваць з’явы габрэйскага жыцця, але і таксама знаёміць з новымі габрэйскімі аўтарамі і аўтаркамі з Беларусі, Ізраіля, ЗША, Польшчы, Нямеччыны, Францыі і Італіі — вось такі абавязак мы бяром на сябе ў гэтым новым, дваццатым, нумары «ПрайдзіСвет». Дарэчы, пераклады з іўрыту ў нашым часопісе ўпершыню.
І некалькі словаў пра назву. «Габрэйскі акцэнт» — гэта наўпроставая адсылка да выслоўя Генрыха Гайнэ, аднаго з аўтараў нумару: «Пасля Выхаду пра свабоду заўжды будуць гаварыць з габрэйскім акцэнтам». Засяроджваючыся на габрэйскай тэматыцы, мы хочам, каб у беларускай літаратуры зноў з’явіўся няхай і не надта моцны, але ўсё ж адчувальны габрэйскі акцэнт.
prajdzisvet.org
Для вокладкі выкарыстаная карціна Алеся Сурава «Местачковы раманс. Роза».
Змест часопіса «ПрайдзіСвет» №20
Мойшэ Кульбак. «Панядзелак». Урывак з рамана.
Яўрэйскія словы. Вершы. Дуда. «Песня-жальба з старой Беларусі».
Юлі Таўбін.З паэмы «Таўрыда». Урывак.
Хаім Нахман Бялік. «У горадзе разні». Паэма.
Ісруэл-Шые Зінгер. «Менск — Минск — Mińsk — מינסק».
«Дзе ўзяць нам хоць трошачкі шчасця». Песні ў перакладах Аляксея Жбанава.
Габрэйскія народныя апавяданні і жарты са збору Вульфа Сосенскага.
Віктар Жыбуль. «Вульф Сосенскі — культурны дзеяч з мястэчка Даўгінава».
Яўген Ліпковіч. «Нахум-аптекарь». Апавяданне.
Аўром Рэйзен. «Эпізоды майго жыцця».
Іта Еліна. «Дні майго маленства». Фрагмент кнігі.
Бэла Шагал. «Запаленыя свечкі». Урыўкі.
Ганна Марголін. «Залатая пава». Верш.
Эма Лазарус. «Новы Езэкііль». Вершы.
Генрых Гейнэ. «Егуда бен Галеві». Урывак з паэмы.
Італа Звева. «Па-здрадніцку». Апавяданне.
Умбэрта Саба. З «Кнігі песняў». Вершы.
Эльзэ Ласкер-Шулер. «Любоўная песня». Вершы.
Баляслаў Лесьмян. «Мой скон ўжо рапачаты». Вершы. «Майка». Казка.
Тэадор Герцль. «Яўрэйская дзяржава». Спроба сучаснага ршэння яўрэйскага пытання.
Альгерд Бахарэвіч. «Ратуючы Агасфера». Эсе пра айцоў і дзяцей. «Кітайскія шырмы доктара Заменгофа». Эсэ.
Кшыштаф Каміль Бачынскі. «Невылечна хворы на смерць». Вершы.
Паўль Цэлан. З кнігі «Mogn und Gedachtnis». Вершы.
Тадэвуш Ружэвіч. «Бачу вар`ятаў». Вершы.
Ілля Камінскі. З кнігі «Рэспубліка глухіх».
Таня Скарынкіна. «Былі ў Смаргоні габрэйскія могілкі».
Валер Гапееў. «Мой Халакост».
Барыс Штэрн. «Мяжа анёльскай аседласці». Вершы.
Інэса Ганкіна. «Язык». Фрагмент эсэ. «Поколение выживших». Вершы.
Узі Вайль. «Дзеткі».Апавяданне. «Перапіхоны ў Зіхроне і разня ў Хеўроне». Апавяданне. «Гадзі Блменталь». Апавяданне.
Давід Шульман. «Сімхастэйрэ». Апавяданне. «Пейсах у хаце». Апавяданне. «Жанчына валіць з ног, жачына ствіць на ногі». Фрагмент з аповесці.
«Бабруйскія паштоўкі». Мастацкі праект.
«Мастацтва – гэта мова нацыянальных зносін (фота)». Інтэрв`ю з мастаком Алесем Суравым.