
Ад нас на 82-м годзе жыцця сышоў Вялікі Чалавек — Мая Ісаакаўна Крапіна. Яшчэ нядаўна яна актыўна ўдзельнічала ў нашых мерапрыемствах, ніколі не адмаўлялася размаўляць з моладдзю пра гісторыю Мінскага гета, сумную праўду вайны на прыкладзе свайго лёсу. Каб памяталі, каб трагедыя ніколі не паўтарылася…
Нам будзе вельмі не ставаць гэтай моцнай, энергічнай жанчыны, якая паказвала прыклад іншым, не давала забывацца на гісторыю злачынства пад назвай Халакост…
Узгадвае Алеся Белановіч-Пэтц, якая супрацоўнічала з ёй апошнія гады:
«Прадмову да сваёй кнігі «Тройчы народжаная. Успаміны былога вязня Мінскага гета» Мая Ісаакаўна Крапіна-Левіна пачынала так:
«Перад вамі мая кніга «Тройчы народжаная». Гэта мае ўспаміны пра перажытае. Мяркую, што дакладней будзе назваць яе споведдзю. Усё сваё свядомае жыццё я насіла з сабою сваю боль, сваю памяць. Перажыць мне давялося шмат. На маю долю выпаў цяжкі лёс, поўны трагізму і чалавечага шчасця. Чаго было болей? Па часе – простага чалавечага шчасця, але перажытае падчас вайны пакінула ў маёй душы глыбокі след. Гэта мая рана, якая ніколі не загоіцца. Яна зацягваецца, і раптам з новай сілай нагадвае пра сябе, і баліць, баліць, баліць…»
Мая Ісаакаўна Крапіна. Мініяцюрная, з пышнымі валасамі, акуратна прыбранымі ў балетны пучок. Строгі, але добразычылівы позірк маленькіх пранізлівых чорных вачэй праз акуляры. Заўсёды ў добрым настроі, лёгкая і хуткая. І амаль заўсёды побач сяброўка і паплечніца па грамадскіх справах Фрыда Рэйзман. Нястомна распавядае сваю балючую гісторыю страты бацькоў і родных у Мінскім гета, пра выратаванне ў вёсцы Парэчча, шчасце ў шлюбе з мужам і партнёрам па акрабатычных нумарах Ігарам Крапіным, страту дачкі, добрых і спагадлівых унукаў.
З Маяй я пазнаёмілася, калі пачала працаваць для Гістарычнай майстэрні ў Мінску. Мая клапацілася пра наданне статуса Праведніка беларусам, якія ратавалі яўрэяў у час Халакоста, пісала пісьмы ў Яд Вашэм, збірала Праведнікаў, выратаваных яўрэяў і моладзь на сустрэчы ў «Цёплы дом». Мы рабілі сумесныя мерапрыемствы ў Гістарычнай майстэрні. Але наша блізкае знаёмства адбылося, калі я пераехала ў Берлін і мне выпаў шанец суправаджаць Маю падчас яе сустрэч з нямецкімі школьнікамі.
Студзень 2014 года, Берлін: група сведак з Беларусі па запрашэнні нямецкага Бундэстага на ўрачыстым паседжанні 27-га студзеня, дзень вызвалення вязняў канцлагера Аўшвіц, дзень памяці ахвяр нацыянал-сацыялізму. Мая ўважліва слухае выступленні на трыбуне нямецкага бундэстага. Побач Фрыда Рэйзман. Берлін замяло снегам, Мая ў норкавым футры, пушыстыя валасы зграбна прыбраныя ў хвосцік, энэргічная, кожную раніцу робіць гімнастыку, у дзень па два-тры мерапрыемствы. Мая не спіць начамі, ёй узгадваецца вайна, забітыя родныя. Але прызнаецца пра гэта, толькі ў апошні дзень, калі за плячыма тыдзень інтэнсіўных сустрэч, падчас якіх яна зноў і зноў распавядае сваю гісторыю выратавання. Мы паспяваем запісаць невялікі рэпартаж. Пытанне: Што дае вам сілы раз за разам распавядаць балючую гісторыю свайго жыцця?
Мая: «Дзеці так слухалі, калі я першы раз прыехала, у іх на вачах былі слёзы. І тады я прыехала ў Мінск і сказала, як гэта беларускія дзеці не слухаюць? У нас няма ў праграме нічога пра вязняў, ня толькі гета, але і канцлагероў ці пра ўсходніх рабочых. Як гэта ў нас гэтага няма? І ў нас насамрэч нашы школьнікі, напэўна, думаюць, што гэтага не было. Я заўсёды, калі мяне запрашаюць распавесці маю гісторыю, мне цяжка, але я заўсёды пагаджаюся. Я хачу, каб моладзь ведала…»
Свабодны дзень у Берліне перад ад’ездам, пытаюся ў Маі, якія ёсць пажаданні. У адказ: «Толькі адно жаданне. У мяне ёсць адзін стары знаёмы, з якім мы разам былі на гастролях. Ён быў таленавіты музыкант, цымбаліст. Давай наведаемся да яго ў госці. Табе будзе цікава, ён таксама быў у Мінскім гета». Мікалай Шмелькін сустрэў нас у маленькай кватэры побач з былым аэрапортам Тэмпельхоф партвейнам і тортам «Медавік». Мая і Мікалай не бычыліся з 1990-х, шмат успамінаў. Сваю гісторыю выратавання з гета Мікалай ніколі не распавядаў і ўспамінаць яму цяжка. Мая папрасіла Мікалая пагадзіцца на сустрэчу са мной для запісу інтэрв’ю. Так, дзякуючы Маі, мне пашчасціла пазнаёміцца з Мікалаем Шмелькіным і запісаць яго гісторыю выратавання з гета для Гістарычнай майстэрні.
Лістапад 2016 года, Гамбург: я суправаджала Маю напрыканцы тыднёвай праграмы з нагоды адкрыцця выставы пра лагер знішчэння Малы Трасцянец. Мая стомленая, але радасная, вядзе клапатлівыя размовы з мужам па тэлефону. Мая прызнаецца, што прыгатавала мужу на тыдзень катлет і, дадае, што, мабыць, гэта яе апошняя вандроўка у Нямеччыну. Мы разам едзем у Берлін, Мая ночыць у нас. Заўтра самалёт у Мінск. Мая ляціць разам з Астрыд Зам. Мы шмат смяемся. У Маі з’явіліся новыя сябры з кола супрацоўнікаў і валантэраў музея былога канцлагера Ноенгамэ.
Снежань 2017 года, Любек: дзякуючы выставе пра Малы Трасцянец знайшлася Серафіма Стравіцкая-Бейліна. Разам з сястрой яна здолела збегчы з Мінскага гета і знайшла выратаванне ў вёсцы Парэчча. Пасля вайны яна пераехала ў Тулу, у 1990-я эмігравала ў Нямеччыну. Некалькі разоў наведвала Парэчча. Але сувязі з Мінскам не засталося. Пра Маю яна ведае з газетных артыкулаў пра ўстанаўленне помніка Праведнікам у Парэччы. На фотаздымку Мая і Фрыда. Я набіраю Маю і дзве жанчыны радуюцца знаёмству па тэлефоне. Мая ўзгадвае старэйшую сястру Серафімы, распавядае пра сваю працу скіраваную на тое, каб Парэчча атрымала званне вёскі Праведнікаў. Серафіма пагадзілася напісаць пісьмо падтрымкі ў Яд Вашэм.
У адным рэпартажы для беларускіх СМІ ў адказ на пытанне, чаму патрэбна званне «Вёска Праведнікаў» Мая адказвае:
«Так, людзей ужо няма у жывых. Але, я лічу, што было б правільна, каб вёска атрымала званне Праведнікаў. Гэта ж не патрабуе нейкіх фінансавых уліванняў. Калі б наўпрост замест шыльды «Парэчча 11 км», было б напісана «вёска Праведнікаў Парэчча», людзі б цікавіліся, чаму яны Праведнікі і што гэта азначае».
Захаваць памяць пра трагедыю вайны, памяць пра сваю сям’ю, запісаць гісторыі выратавання і атрымаць прызнанне для тых, хто, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём сваіх блізкіх ратаваў яўрэяў. Гэта стала для Маі сэнсам жыцця з таго моманту, як тэмай Халакоста ўвогуле стала магчымым займацца. з канца 1980-х гадоў. Увесь гэты час Мая крапатліва вяртала гісторыі ахвяр Халакоста ў гісторыю вайны. Сваю кнігу Мая выдала ў 2008 годзе і ва ўступным слове адзначыла:
«Пасля доўгіх роздумаў я вырашыла напісаць гэтую кнігу, распавесці пра сваё нялёгкае жыццё. Гэта мой абавязак перад памяццю загінулых вязняў Мінскага гета, старэйшым пакаленнем, што ратавала нас, дзяцей вайны».
Гістарычная майстэрня імя Л.Левіна (gwminsk.com)