У аграгарадок Вішоў (Бялыніцкі раён, заўв.«Авіў») завітаў народны яўрэйскі тэатр «Шалом» з новым спектаклем пад назвай «А вы памятаеце гэтага хлопчыка?», прысвечаным генацыду яўрэйскага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Як адзначыла стваральніца тэатра і яго рэжысёр Міра Джаліяшвілі, гэта пастаноўка – своеасаблівы спектакль-рэквіем, складзены з успамінаў жыхароў Магілёва і навакольных вёсак, дзяцінства якіх прыпала на жахлівыя гады вайны.
Падзеі разгортваюцца ў вёсцы Зарэчанская Сяліба. Назва населенага пункта выдуманая, яго на самай справе не існуе, але ўсе гісторыі, пра якія распавядаюць жыхары, — рэальныя. У гады вайны нямецкія акупанты стварылі там гета для яўрэяў, а потым і расстралялі іх.
Зараз у Зарэчанскай Сялібе дажываюць свой век апошнія сведкі страшнай трагедыі, і з цягам часу іх становіцца ўсё менш і менш.
Аднойчы ў сельскі ФАП прыязджае вядомы прафесар-герантолаг, які бясплатна прымае людзей, выпісвае ім лекі і як бы між іншым паказвае даўні фотаздымак маленькага хлопчыка. А раптам знойдуцца тыя, хто яго ведаў?
Сваімі роспытамі доктар прымушае вяскоўцаў ажывіць падзеі далёкага мінулага. Кожны ўспамінае «свайго» хлопчыка: суседа, аднавяскоўца, брата… Здаецца, дзіця на фота падобнае на кожнага з іх, і ў той жа час усе яны такія розныя.
На гэтым здымку – прафесар у дзяцінстве. Падчас вайны ён быў зусім маленькі і не памятаў нічога пра тое, што здарылася з ім і яго блізкімі. Калі вырас, шмат гадоў шукаў свае карані. Але ўсё, што ён меў – толькі старое дзіцячае фота.
І калі надзея ў доктара амаль прапала, адна пажылая жанчына з вёскі, якая пазнала на здымку свайго маленькага браціка, вымавіла фразу на ідыш. Прафесар успомніў слова «зэмэлэх», так называлася традыцыйнае салодкае пячэнне, якое калісьці рабіла яго маці. Дзякуючы ўсяго аднаму слову і старэнькаму фотаздымку праз доўгі час пошукаў родныя змаглі нарэшце сустрэцца.
Удзельнікі адзінага ў Беларусі яўрэйскага тэатральнага калектыву – звычайныя людзі розных прафесій, аб’яднаныя агульным захапленнем – служэнню высокаму мастацтву. Праз свае спектаклі яны знаёмяць гледачоў з унікальнай яўрэйскай культурай: песнямі, танцамі, традыцыямі… Да гэтых традыцый далучыліся і жыхары Вішова, якія разам з акцёрамі паклалі каменьчыкі і кветкі ў памяць аб бязвінна загінулых ахвярах Халакосту
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК, фота аўтара, «Зара над Друццю» (zara.by)
Похожие статьи
Оставить комментарий