Мастачка з Ізраіля Любоў Мінковіч, якая нарадзілася ў Мінску, цэлую выставу сваіх твораў пад назвай «Сны моей Родины» падарыла Нацыянальнаму гістарычнаму музею Беларусі
Гэтым летам у Нацыянальным гістарычным музеі праходзіла персанальная выстава акварэляў Любові Мінковіч «Сны моей Родины». І, бадай, самым нечаканым «паваротам сюжэту» ў гэтым яркім міжнародным выставачным праекце стала вестка: былая мінчанка ўсю выставу перадала ў дар музею. «Мы вельмі ўдзячны шаноўнай зямлячцы за такі каштоўны падарунак! — пракаментаваў падзею дырэктар музея Павел Сапоцка. — Такім чынам у нашы фонды трапіла каля 40 твораў шчодрай мастачкі, якая мае ў Мінску родавыя карані. А падораныя працы — гэта ўжо частка гісторыі беларускага мастацтва, Мінска, усёй Беларусі. Мы ўвогуле імкнемся кантактаваць з беларусамі ў замежжы, ладзіць сумесныя праекты. Скажам, у ліпені сустракалі гасцей з РастованаДоне: мастака Уладзіміра Банцэвіча з яго вучнямі. Уладзімір Мікалаевіч — з Палесся родам, ён старшыня Саюза беларусаў Дона, да таго ж пісьменік. Была разгорнута ў музеі цікавая экспазіцыя з іх твораў. (Пра тое падрабязней гл.: «Жывапіс белых дарог. Частка другая» — ГР, 16.08.2018). — Аўт.). У планах музея — пашыраць калекцыю работ беларусаў замежжа».
Мастачка, што зрабіла прыгожы дар Бацькаўшчыне, нарадзілася ў Мінску ў 1946 годзе. Як гаварылі сябры яе, дый сама Любоў Мінковіч на вернісажы, прайшла яна школу жывапісу ў вядомых майстроў: Сяргея Каткова, Віталя Цвіркі, Леаніда Дударанкі. Закончыла Беларускі тэатральнамастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), выстаўляе свае працы з 1977 года. У 2002-м з’ехала на пастаяннае месца жыхарства ў Ізраіль, аднак часцінка душы, прызнаецца, засталася ў Беларусі. Яна сябар Беларускага саюза мастакоў і Аб’яднання прафесійных мастакоў Ізраіля. Творчую працу, казала, спалучае з педагагічнай дзейнасцю.
Пра мастацтва, згадвае, марыла з дзяцінства. Не маючы цацак, малявала на паперы лялек і адзенне для іх, затым выразала й гуляла. Прычым вялікую радасць мела: як ад працэсу творчасці, так і ад яго выніку. Яе зачароўвала, як наяве пад рукой мастака з’яўляецца тое, што ён захацеў. І гэта светлае пачуццё, прызнаецца, па гэты дзень яе суправаджае ў працы. Перавагу ж аддае акварэльнай тэхніцы, бо яна — з тонкай танальнай празрыстасцю. Да таго ж пры ўяўнай лёгкасці акварэль патрабуе ад мастака засяроджанасці, цярпення й адначасова шпаркасці для ўвасаблення жывапіснага ладу.
Асноўнай тэмай твораў Любы Мінковічы, як і раней, застаюцца незабыўныя пейзажы Беларусі, што спараджаюць філасофскія разважанні. Якараз у акварэлі ўдаецца ёй найбольш пранікнёна паказаць усю цеплыню дачыненняў, усю гаму пачуццяў да Бацькаўшчыны. Помнікі беларускай архітэктуры таксама заўсёды прыцягваюць увагу мастачкі, застаюцца абавязковымі «персанажамі» яе твораў. Удалечыні ад Радзімы ўспаміны пра мінулае з’яўляюцца ў яе снах — і ўвасабляюцца ў акварэлях.
Іван ІВАНАЎ, «Голас Радзімы» (zviazda.by)