75 гадоў таму было цалкам ліквідавана Мінскае гета. Усяго ж за яго калючым дротам нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі больш за 100 тысяч яўрэяў.
У Дзень памяці пра гібель Мінскага гета і Нарвская беларуская суполка «Сябры» пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Эстоніі, сумесна з мясцовай яўрэйскай абшчынай правяла ў Доме народаў тэматычную вечарыну. На ёй былі дарадца Амбасады Беларусі ў Эстоніі Юры Булаўка, прадстаўнікі Генконсульства Расіі ў Нарве, дэпутаты гарадскога сходу, кіраўнік Круглага стала нацыянальна-культурных таварыстваў пры Мінкультуры Эстоніі Аляксандр Дусман (ён і кіраўнік яўрэйскай абшчыны паўночнага ўсходу Эстоніі), прадстаўнікі Саюза малалетніх вязняў фашызму, іншых грамадскіх арганізацый, жыхары горада.
У зале мы ўсталявалі стэнд з фотаздымкамі, зробленымі ў Беларусі. На іх адлюстраваны помнікі ахвярам яўрэйскіх гета. Камяні, пакладзеныя пад стэндам (бо кветкі ў яўрэяў не прынята ўскладаць), імітацыя Вечнага агню ўзмацнялі пачуццё смутку людзей, якія прыйшлі на вечар. Літаратурна-музычную кампазіцыю мы правялі за рамкамі з калючага дроту. На экране ж дэманстраваўся відэарад пра вайну, пра трагедыю Мінскага гета. Са слязамі на вачах прысутныя слухалі аповед. Па даручэнні рабіна Эстоніі Аляксандр Дусман прачытаў памінальную малітву. Потым кожны з выступоўцаў засведчыў, што такія балючыя ўрокі гісторыі нельга забываць, і варта рабіць усё, каб свет не скаціўся ў пекла новай вайны.
Віктар БАЙКАЧОЎ, г. Нарва, Эстонія, «Голас Радзімы» (zviazda.by)
Похожие статьи
Оставить комментарий