Велічны замак у г. п. Мір Карэліцкага раёна памятае не толькі часы росквіту. У перыяд Вялікай Айчын¬най вайны з мая па жнівень 1942 года тут размяшчалася гета.
Сучасным наведвальнікам пра гэта расказвае экспазіцыйная зала «Яўрэйскае гета ў Мірскім замку». Прадстаўленыя ў ёй экспанаты і фатаграфіі распавядаюць пра яўрэяў мястэчка, пра тых, хто быў забіты фашыстамі падчас вайны і каму пашчасціла перажыць Халакост. З 27 па 31 студзеня ў межах «Тыдня памяці», прымеркаванага да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, наведвальнікам музея прапануюць бясплатную экскурсію па гэтай экспазіцыі.
Акрамя таго, госці замка змогуць пачуць песню «Балаголэ», якая гучала ў Мірскім гета, а таксама ўбачыць на верхнім ярусе паўночна-ўсходняй вежы «Кнігу памяці», у якой прадстаўлены імёны і прозвішчы расстраляных жыхароў Міра. Частковыя спісы забітых яўрэяў мястэчка былі выяўлены супрацоўнікамі музея ў 2008 годзе ў занальным дзяржаўным архіве горада Баранавічы. Сёння яны таксама апублікаваны на сайце музея www.mirzamak.by у раздзеле «Гісторыя». Страшна паверыць вачам, але ў спісе — больш за 1600 чалавек. Сярод расстраляных нават зусім маленькія дзеці. Усяго ж за час акупацыі ў мястэчку былі забіты 2900 яўрэяў.
Як паведамляе mirzamak.by, яўрэі на працягу стагоддзяў складалі значную частку насельніцтва Міра, іх абшчына мела ўласную юрысдыкцыю — у яе падпарадкаванні знаходзіліся пытанні рэлігіі, гандлю, падаткаабкладання, медыцыны, сямейнага побыту, грамадскай маралі.
Людміла МІНКЕВІЧ, «НГ» (sb.by)