Аграгарадок Лужкі (Шаркаўшчынскі раён) 6 ліпеня наведала дэлегацыя з Ізраіля — прадстаўнікі арганізацыі «Другое пакаленне». Гэта людзі, чыім бацькам давялося перажыць Халакост — масавае знішчэнне нацыстамі мірнага яўрэйскага насельніцтва ў гады другой сусветнай вайны. Замежныя госці ўжо пабывалі ў многіх населеных пунктах Беларусі, дзе захаваліся аб’екты культурнай яўрэйскай спадчыны. У ліку такіх месцаў — і аграгарадок Лужкі нашага раёна.
Згодна з інфармацыяй, прадастаўленай Нацыянальным архівам Беларусі, у 1838 годзе ў Лужках пражывала 475 яўрэяў. Для параўнання, сялянскага насельніцтва (праваслаўных і католікаў) было 570 чалавек. У канцы 19 стагоддзя колькасць яўрэяў павялічылася да 1 тысячы. У Лужках у шматдзетнай сям’і нарадзіўся і Эліэзэр Бэн-Іегуда (сапраўднае Імя Лазар Перэльман) –вядомы мовазнаўца, які адрадзіў іўрыт — дзяржаўную мову Ізраіля.
Мірнае жыццё яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі нашага раёна спыніла Вялікая Айчынная вайна. 1 чэрвеня 1942 года было ліквідавана гета ў Лужках, пры гэтым 916 яўрэяў былі знішчаны. Выратавацца ўдалося нямногім.
Як даніна памяці ахвярам Халакосту вязням гета ў вёсцы Лужкі на месцы пахавання растраляных яўрэяў устаноўлена магільная пліта,-пра ўсё гэта госці даведаліся падчас візіту ў наш раён.
Старшыня Лужкаўскага сельскага Савета Таццяна Мікалаеўна Краснадубская разам з работнікамі мясцовага сельскага Дома культуры і мясцовымі жыхарамі гасцінна, з хлебам-соллю сустрэла гасцей у цэнтральным скверы аграгарадка ля помніка Эліэзеру Бэн-Іегудзе. Цікавую святочную праграму для прадстаўнікоў арганізацыі «Другое пакаленне» падрыхтавалі і правялі ўдзельнікі народнага вакальнага ансамбля «Лужкаўскія песняры» (Лужкаўскі СДК), педагогі Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў разам з майстрамі Дома ганчара і супрацоўнікамі раённага цэнтра рамёстваў. Потым гасцей чакала цікавая экскурсія па аграгарадку, знаёмства з унікальнай гісторыяй вёскі Лужкі, наведванне мураванага будынку былой сінагогі.
Адзін з прадстаўнікоў замежнай дэлегацыі, вядомы ізраільскі пісьменнік Хаім Беэр шчыра падзякаваў нашым землякам за тое, што ў Шаркаўшчынскім раёне захоўваецца памяць пра мірнае яўрэйскае насельніцтва, якое не пашкадавала вайна. Гэтыя людзі ўсё жыццё пражылі на нашай Шаркаўшчынскай зямлі і заслугоўваюць таго, каб пра іх помнілі. У падарунак замежныя госці прывезлі з сабою кнігі — слоўнікі іўрыта, выданнем якіх займаўся ўраджэнец вёскі Лужкі — Эліэзэр Бэн Іегуда. Яны будуць захоўвацца ў Лужкаўскім сельсавеце.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, «Кліч Радзімы», Шаркаўшчына