Вучні і настаўнікі мінскай школы №133 сумесна з супрацоўнікамі Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна правялі сустрэчу, якая была прымеркавана да Міжнарожнага дня памяці ахвяр Халакосту.
Удзельнікі вечарыны арганізавалі выставу «Берлін — Мінск», якая расказала аб дэпартацыі нямецкіх яўрэяў ў гады Другой сусветнай вайны, прадэманстравалі кнігі па гісторыі Халакосту.
Аб адукацыйных задачах, звязаныя з ушанаваннем памяці ахвяр Халакосту, выказаліся: начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Людміла Філіповіч, дырэктар школы Вераніка Рудая і настаўніца гісторыі Ірына Рып. Абапіраючыся на канкрэтныя прыклады, я расказаў вучням пра ўшанаванне памяці загінуўшых ў Беларусі і Еўропе.
Дапоўнілі нашы выступленні вучнёўскія маналогі з фрагментаў успамінаў былога вязня Мінскага гета Міхаіла Трэйсцера і Курта Маркса, які расказаў аб трагічнй гісторыі сваёй сям’і, дэпартаванай у час вайны з Кёльна ў Малы Трасцянец. Дарэчы, Курт Маркс, калі наведваў месца, дзе загінулі яго родныя, сустракаўся з вучнямі 133-й школы.
З незвычайнай музычнай праграммай выступіў школьны хор «Лёсы» (мастацкі кіраўнік Галіна Змушко). Як напамін пра цяжкі час фашысцкай навалы, гучалі ў выкананні салістаў невялічкія замалёўкі. А адрасамі іх памяці былі: канцлагеры Азарычы, Равенсбрук, Грасрозэн…
Трэба дадаць, што мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту, праводзяцца ва ўсіх школах Партызанскага раёна беларускай сталіцы.
Кузьма КОЗАК, кандыдат гістарычных навук