Вядомаму паэту, які сачыняе свае творы на трох мовах – беларускай, ідзіш і рускай – Феліксу Барысавічу Баторыну (сапр.Хаймовічу) споўнілася 70 гадоў.
У Вялікай зале Мінскага яўрэйскага абшчыннага дому сабраліся тыя, хто любіць ягоную паэзію, сябры і аднадумцы паэта.
Старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб`яднанняў і абшчын Уладзімір Чарніцкі сардэчна павіншаваў юбіляра і ўручыў яму… канверт з грашыма са словамі: «Фелікс Хаймовіч хацеў бы выдаць чарговую кніжку. Саюз аб гэтым паклапаціўся. У канверце – нямнога грошаў, больш у нас няма, але яны павінны стаць асновай для будучага выдання».
З віншаваннямі Феліксу Баторыну выступілі паэты: Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Каржанеўская, Алесь Разанаў. Свой падарунак уручыла юбіляру дачка славутага паэта Браніслава Спрынчана, дарэчы, з ім сябраваў Хаймовіч, Аксана.
Са словамі падзякі за тое, што паэт не забываецца на мову маці — ідзіш, падкрэслілі у сваім выступленні пастаянны аўтар «Авів» Сямён Ліякумовіч і кіраўнік іудзейскага рэлігійнага аб`яднання РБ Рыгор Хайтовіч. А вядучая вечарыны Алена Фруман нагадала прысутным аб тым, што Хаймовіч вядомы ў Беларусі не толькі як паэт, але і выдатны жаночы ўрач.
Фелікс Баторын (Хаймовіч) прачытаў шэраг сваіх вершаў.
«Авів» далучаецца да віншаванняў, і па яўрэйскай традыцыі зычыць паэту пражыць не меней ста дваццаці год!
Аляксандр ЧАРНУШЭВІЧ