На мінулым тыдні ў жыхароў і гасцей беларускай сталіцы з’явілася ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з біблейскімі творамі Марка Шагала ўжывую.
У выставачнай зале LIBRA прэзентавалі экспазіцыю La Bible. Яна прадстаўляе 64 творы мастака, якія ілюструюць падзеі Старога Запавету. Дваццаць чатыры работы з серыі «Вокны Іерусаліма», таксама уключаныя ў экспазіцыю, з’яўляюцца эскізамі вітражоў для сінагогі пры шпіталі ў Іерусаліме.
У творчасці нашага земляка асаблівае месца займае не толькі віцебская тэма, але і біблейская. Марк Шагал пісаў: «Яшчэ ў дзяцінстве я быў узяты ў палон Бібліяй, мне заўсёды здавалася, што гэта найвялікшая крыніца паэзіі на ўсе часы». На гэту тэму ён стварыў нямала карцін, гравюр, вітражоў…
Заказ на ілюстрацыі да Бібліі мастак атрымаў яшчэ ў 1920-я гады. Аднак надрукаваць серыю атрымалася толькі пасля Другой сусветнай вайны. Вядома, што спецыяльна для стварэння гэтай серыі твораў мастак авалодаў тэхнікай літаграфіі. Майстар прызнаваўся: «Калі я браў у рукі літаграфскі камень або медную дошку, мне здавалася, што ў мяне ў руках талісман, што я магу змясціць на іх усе мае непрыемнасці і радасці».
Работы суправаджаюцца біблейскімі тэкстамі, якія апісваюць кожны канкрэтны сюжэт, што, на думку арганізатараў, дае магчымасць не толькі атрымаць новыя ўражанні і эмоцыі, але таксама даведацца шмат новага пра творчасць мастака і яго ўнікальнае ўспрыманне Святога Пісання. Дадзеная серыя мастака ўпершыню дэманструецца ў Беларусі і прымеркавана да правядзення II Еўрапейскіх гульняў.
Людміла МІНКЕВІЧ, «Народная газета» (sb.by), 31.05.19.
Похожие статьи
Оставить комментарий