У Беларусі не знойдзецца дома, па якім бы вогненнымі коламі не праехала Вялікая Айчынная вайна. І няма ў нашай краіне горада, раёна, у якім не было б знішчана мірнае яўрэйскае насельніцтва.
Выжыць у часы Халакосту ўдавалася нямногім. 28 лістапада ў Шаркаўшчыне адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання жыхароў нашага раёна — Праведнікаў народаў свету. Так называюць людзей, якія рызыкуючы жыццём дапамагалі яўрэям у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ганаровае званне «Праведнік народаў свету» прысуджае Ізраільскі інстытут Катастрофы і гераізму Нацыянальнага мемарыяла Яд Вашэм, пры гэтым узнагароджаныя атрымліваюць ганаровы дыплом і імянны медаль з надпісам «Той, хто выратаваў адзіную душу, выратаваў цэлы свет». Прадстаўнікам пяці сем’яў з нашага раёна ўзнагароды прысуджаны пасмяротна. 28 лістапада іх атрымалі дзеці і ўнукі выратавальнікаў.
У адной са спраў Мемарыяла Катастрофы і гераізму захоўваюцца сведчыя паказанні Іосіфа Саснавіка, 1918 года нараджэння, які ацалеў у перыяд акупацыі Заходняй Беларусі, і яго выжыўшых жонкі, брата, бацькі і сына Якава. Выратаваны расказваў, што летам 1941 года члены яго сям’і апынуліся ў гета мястэчка Германавічы. Там у яго жонкі нарадзіўся сын Якаў. Калі дзіцяці было толькі 4 месяцы, каб выратаваць ад смерці, бацькам удалося перадаць яго ў рукі маладой жанчыны-беларускі Марыі Казачонак, якая выдала хлопчыка за свайго сына і клапацілася пра яго увесь перыяд акупацыі.
Сямён Саснавік, 1887 года нараджэння, вядомы ў Германавічах у той час фармацэўт, каб не трапіць у гета, вымушаны быў разам з сям’ёй (двума сынамі і нявесткай) шукаць дапамогі ў мясцовага насельніцтва. Нягледзячы на тое, што за ўкрыванне яўрэяў фашысты пагражалі знішчыць вяскоўцаў і іх родных, звыш 10 сем’яў дапамагалі Саснавікам выжыць у час вайны, шукалі ім сховішча, забяспечвалі ежай. Выратавальнікамі аказаліся звычайныя вясковыя жыхары — браты Франц і Антон Жукі з вёскі Шышкі, муж і жонка Аляксандр і Ніна Крыўка з Вялікага Сяла, сям’я Мікалая Мікалаёнка з вёскі Папялы, браты Іван і Павел Чарняўскія з вёскі Пішчалёўка, Іван Драба з хутара Хатулеўка. Усе гэтыя людзі давалі ў розны перыяд сховішча Марыі Казачонак з маленькім Якавам (сынам Іосіфа Саснавіка) і чатыром выратаваным, якія знаходзіліся ў дамах сваіх выратавальнікаў то разам, то паасобку.
— Мы бясконца ўдзячны ўсім людзям, якія ратавалі нашых суайчыннікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У яўрэйскага народа ёсць будучыня дзякуючы гэтым людзям, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам, які і ўручыў памятныя ўзнагароды жыхарам нашага раёна. — Вельмі важна, каб людзі, якія ратавалі мірнае яўрэйскае насельніцтва ад смерці, не былі забыты. Гэта наш абавязак перад тымі, каго вы называеце Праведнікамі народаў свету, а мы проста — Выратавальнікамі. І той факт, што былі людзі, якія рызыкуючы сваім жыццём і жыццём сваіх родных, не засталіся ў баку і працягнулі руку дапамогі ні ў чым не павінным людзям, якіх праследвалі і знішчалі — гэта для нас надзвычай важна.
Са словамі ўдзячнасці да ўсіх прысутных звярнуліся нашчадкі выратаванай у гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэйскай сям’і — Барыс Іосіфавіч і Леў Якаўлевіч Саснавікі.
На ўрачыстай цырымоніі ўручэння Дыпломаў і Медалёў Праведнікам народаў свету Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь цёпла прывітаў старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. Падчас свайго выступлення кіраўнік раёна адзначыў, што шаркаўчане ганарацца тым, што сярод Праведнікаў народаў свету ёсць і жыхары нашага раёна, якія, нават знаходзячыся ў атмасферы штодзённага страху, засталіся мужнымі людзьмі. І сёння іх жыццё — прыклад для ўсіх нас. А само мерапрыемства яшчэ раз нагадала ўсім прысутным пра тое, якім кволым усё ж такі з’яўляецца мір у свеце і жыццё чалавека ў ім. Кожнаму з нас неабходна прыкладаць максімум намаганняў, каб падобная катастрофа ніколі не паўтарылася.
Падчас урачыстай цырымоніі ў нашым гарадскім пасёлку Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам уручыў узнагароды прадстаўнікам пяці сем’яў, жыхарам нашага раёна. У іх ліку — Марыя Іосіфаўна Хаданёнак (унучка Франца Жука і яго брата Антона, якія, як і наступныя выратавальнікі, удастоены звання «Праведнікі народаў свету»), Мікалай Барысавіч Крыўка (унук Аляксандра і Ніны Крыўка), Галіна Чаславаўна Ажгінь (унучка Мікалая Мікалаёнка), Марыя Іванаўна Чарняўская (дачка Івана Чарняўскага) і Радзіслаў Паўлавіч Чарняўскі (сын Паўла Чарняўскага), Мікалай Уладзіміравіч Карзянок (унук Івана Драбы).
Вялікая Айчынная вайна закранула кожную сям’ю ў Беларусі. Таму і на цырымоніі ўзнагароджвання «Праведнікаў народаў свету» было шмат людзей — прадстаўнікоў раённай улады і раённага Савета дэпутатаў, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, ветэранаў працоўных калектываў і вучняў школ, сем’яў выратавальнікаў і сем’яў тых, каго выратавалі. У фае раённага выканаўчага камітэта была прадстаўлена выстава работ мастакоў на тэму «Памяць без тэрміну даўнасці», прысвечаная тэме Халакосту. Арганізатарамі правядзення гэтай выставы выступілі Шаркаўшчынскі райвыканкам і Германавіцкі культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, які ўзначальвае Ада Эльеўна Райчонак. З работамі мастакоў, прадстаўленымі на выставе, прысутных пазнаёміў мастак з нашага гарадскога пасёлка Віктар Фёдаравіч Крук. Міжнародную фотавыставу «Мы з Беларусі» напачатку цырымоніі ўзнагароджвання прэзентаваў дырэктар Велікасельскай ДС-СШ Юрый Часлававіч Матуль.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара і Валерыя КАВАЛЁНКА, «Кліч Радзімы» (klich.by)