У лесе Бен-Шэмен адбылася чарговая, 64-я сустрэча выхадцаў з Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць у Ізраілі.
Мерапрыемства, якое ўжо шмат гадоў вядома як «Беларускі лес», сёлета прысвечана 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ім узялі ўдзел больш за тысячу ураджэнцаў нашай краіны.
Адкрываючы сустрэчу, старшыня Усеізраільскага аб’яднання выхадцаў з Беларусі Міхаіл Альшанскі, падкрэсліў, што народы дзвюх краін цесна злучаны гістарычнай памяццю аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і зараз беражліва захоўваюць памяць пра яе.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль Уладзімір Скварцоў у сваю чаргу зазначыў, што беларуская зямля з’яўляецца трывалым падмуркам, які аб’ядноўвае сёння нашы народы. У свой час яна дала Ізраілю шэраг выбітных дзеячаў яўрэйскай дзяржавы, сярод якіх – презідэнты і прэм’ер-міністры, навукоўцы і творчыя дзеячы, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі.
Пасол праінфармаваў землякоў пра мерапрыемствы, якія пройдуць у гэтым годзе ў Беларусі і Ізраілі пад знакам 75-годдзя вызвалення Беларусі.
Уладзімір Скварцоў нагадаў таксама пра іншыя знакавыя падзеі, якія адбудуцца ў бліжэйшы час у абедзвюх краінах. Сярод іх – конкурс Еўрабачанне ў Тэль-Авіве ў маі і II Еўрапейскія гульні ў Мінску напрыканцы чэрвеня. Пасол выказаў надзею, што беларускія і ізраільскія спартсмены апынуцца побач на п’едэстале гонару, як гэта аднойчы ўжо здарылася на папярэдніх гульнях у Баку.
Кіраўнік дыпмісіі запрасіў прысутных наведаць нашу краіну у перыяд гульняў, сумясціўшы свой візіт з адпачынкам у маляўнічых месцах, якімі багаты беларускі край. Паралельна ён адзначыў, што праходзячы ў нашай краіне Год малой Радзімы – таксама важкая падстава пабываць у родным горадзе ці мястэчку, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады, сустрэцца з былымі аднакашнікамі, саслужыўцамі, сваякамі.
Напрыканцы свайго выступу Пасол ахарактарызаваў наяўнасць згуртаванай беларускай суполкі як важны фактар двухбаковых стасункаў, які разам з намаганнямі дзяржаўных структур і надалей будзе садзейнічаць выхаду нашых краін на самыя высокія рубяжы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Ансамблю «Натхненне», які дзейнічае пры беларускім зямляцтве г. Петах-Тыква, былі ўручаны цымбалы, якія былі накіраваны ў Ізраіль пасля звароту Пасольства у Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, а таксама герб і сцяг Рэспублікі Беларусь, нотныя зборнікі з творамі беларускіх аўтараў.
Яўген Сава, абраны дэпутат Кнэсета 21-га склікання, звяртаючыся да прысутных, адзначыў адсутнасць складаных праблемных пытанняў двухбаковага парадку дня, падкрэсліўшы, што у новым складзе ізраільскага заканадаўчага органа ёсць дэпутаты, якія ўсведамляюць важнасць працягу канструктыўнага беларуска-ізраільскага дыялога і маюць намер рабіць свой унёсак дзеля яго паглыблення.
Шмат цёплых слоў у адрас нашай краіны прагучала ў прамовах Элі Нахта, віцэ-мэра г. Ашдода – пабратыма беларускага Брэста, Анжэя Гісіяроўскага, кіраўніка кааліцыі «Рука дапамогі Ізраілю» і іншых.
У спецыяльна абсталяваным «пасольскім кутку», упрыгожаным нацыянальнай сімволікай, адбыліся цёплыя размовы кіраўніка і супрацоўнікаў дыпмісіі з землякамі. Многія з іх падкрэслівалі, што нягледзячы на працяглы час, які мінуў пасля іх пераезду ў Ізраіль, яны захавалі па-ранейшаму цёплыя адносіны да Беларусі – сваёй этнічнай радзімы. Актыўна абмяркоўваліся надзённыя тэмы ўзаемадзеяння, былі наладжаныя кансультацыі па консульскіх пытаннях.
Сустрэча суправаджалася выступленнямі музычных і танцавальных калектываў, якія выконвалі творы беларускіх і яўрэйскіх аўтараў. Прадстаўнікі мясцовага бізнесу арганізавалі продаж харчовых тавараў, вырабленых у нашай краіне.
Пасольства Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль (israel.mfa.gov.by)
Похожие статьи
Оставить комментарий