Сёлета 27 жніўня споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння гэтага чалавека. Але названая падзея не была на слыху, абышлася без пампезных публікацый у друку, хаця ўзгадаць яго прозвішча было б не лішнім. «Купец рэвалюцыі», «Доктар Слон», Аляксандр Парвус – гэта ўсё пра яго, нашага земляка, ураджэнца Беразіно Ізраіля Лазаравіча Гельфанда. Па вялікім рахунку можна сцвярджаць, што, калі б не было А.Парвуса, невядома, як бы развіваліся падзеі 1917 года.
А пачаліся яны… з пажара ў нашым невялічкім мястэчку.
Калі б не гэтая падзея, сям’я Гельфандаў, хутчэй за ўсё, і надалей жыла б сабе ў Беразіно, і маленькі Ізраіль ніколі не стаў бы такой важнай фігурай рэвалюцыйнага руху ў Расіі. Аднак лёс распарадзіўся інакш, і хлопчык разам з бацькамі аказваецца ў Адэсе, дзе пад уплывам многіх абставін становіцца рэвалюцыянерам сацыял-дэмакратам. У 19 гадоў ён едзе ў Швейцарыю. Там заканчвае Базельскі ўніверсітэт і абараняе доктарскую дысертацыю аб работах Маркса.
А.Парвус рана растаўсцеў і аблысеў, за што атрымаў клічку Доктар Слон (дарэчы, менавіта ад гэтага слова – elefant – і паходзіць прозвішча Гельфанд).
Пасля непрацяглага сяброўства з нямецкімі сацыял-дэмакратамі наш герой пераносіць сваю ўвагу на расійскіх рэвалюцыянераў. Кіраўнікі радыкальнага крыла Ленін, Мартаў і Патрэсаў як раз задумалі з 1900 года выпускаць за мяжой газету «Іскра» і тайна перапраўляць яе ў Расію. Парвус прапанаваў ім для гэтага сваю мюнхенскую кватэру, за што атрымаў членства ў рэдакцыі і права друкавацца на першых старонках. У гэты ж час з ім пазнаёміўся Леў Троцкі, які назваў Парвуса несумненна выдатнай марксісцкай фігурай і ў той жа час адзначаў: «У ім заўсёды было штосьці шалёнае і ненадзейнае». І сапраўды, той нярэдка пускаў грошы «Іскры» на модныя касцюмы, дарагія рэстараны і каханак.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што Парвус паралельна паспяваў і тэорыю марксізма развіваць. І калі царскі рэжым пачаў вайну з Японіяй, ён змясціў шэраг артыкулаў, якія сцвярджалі, што вайна стане пралогам рэвалюцыі. Менавіта ў творах Парвуса ўпершыню былі выказаны тэорыя «пермаментнай рэвалюцыі», прыпісаная Троцкаму, і ідэя аб Расіі, як слабым звяне, адкуль павінна пачацца сусветная рэвалюцыя (потым гэтая думка была аддадзена Леніну).
Аднак у гісторыю Парвус увайшоў не як тэарэтык марксізма, а ў ролі «купца рэвалюцыі», які аказаў вялікае садзейнічанне ў яе фінансаванні. Пачалося ўсё з яго артыкула ў балканскіх газетах «Урачыстасць сацыялізма можа быць дасягнута толькі перамогай Германіі над Расіяй, бо толькі Германія з’яўляецца носьбіткай высокай культуры…». Да таго ж, у студзені 1915 года Парвус напрасіўся на прыём да нямецкага пасла і заявіў: перамагчы Расію можна толькі ўчыніўшы ў ёй рэвалюцыю і раскалоўшы на некалькі дзяржаў. Якім чынам гэта можна зрабіць, наш зямляк адлюстраваў у складзенай запісцы на 20 старонках, якая сёння вядомая як «Мемарандум Парвуса».
Парвус назваў немцам цану свайго плана – пяць мільёнаў марак, аднак тыя згадзіліся толькі на мільён, падазраючы, што Доктар Слон прасоўвае такім чынам свае інтарэсы. Часткова гэта было так, бо па яго плану немцы, завалодаўшы рэсурсамі Расіі, павінны былі звергнуць кайзераўскі рэжым і падвесці чалавецтва да сусветнай рэвалюцыі. Галоўнай жа мэтай Парвуса быў Ленін, якога той спакушаў грашыма на рэвалюцыю. Аднак у час іх асабістай сустрэчы ў Цюрыху ў 1915 годзе Ленін заявіў, што ніякіх агульных спраў паміж ім быць не можа.
І ўсё ж Парвус дачакаўся свайго часу. У лютым 1917 года ў Расіі царскі рэжым быў звергнуты. Для таго, каб узначаліць далейшую барацьбу, бальшавікам трэба было як мага хутчэй трапіць са Швейцарыі ў Петраград. Ленін быў гатовы прыняць любую дапамогу. І аказаў яе наш зямляк. Той пераканаў нямецкага міністра замежных спраў Брокдорфа ў хутчэйшым спансіраванні прыходу бальшавікоў да ўлады, якія затым саступяць Германіі ўсё, што можна. Парвусу выдаткавалі яшчэ пяць мільёнаў марак, і той імгненна пачаў перагаворы з лідарамі бальшавікоў, а затым арганізаваў для групы ў 30 чалавек бяспечную дастаўку праз Еўропу ў Швецыю ў так званым «пламбіраваным вагоне». На прыстані іх сустрэў бальшавік Ганецкі, які перадаў просьбу Парвуса аб сустрэчы. Аднак Ленін адмовіўся ад яе і адправіў замест сябе Радэка.
Пасля перамогі Вялікага Кастрычніка Парвус, прыбыўшы ў Стакгольм, па¬прасіў у савецкіх эмісараў дазволу прыехаць у Расію, на што Ленін даў катэгарычную адмову, падкрэсліўшы, што «рэвалюцыю нельга рабіць бруднымі рукамі». На гэтым роля нашага земляка ў далейшай гісторыі маладой дзяржавы завяршылася.
У 1918 годзе Аляксандр Лазаравіч быў вымушаны як «агент бальшавікоў» пакінуць Швейцарыю і пасяліцца ў Швененвердзеры, непадалёк ад Берліна.
Рэшткі жыцця Парвус правёў бязбедна. Памёр ён 12 снежня 1924 года ад сардэчнага прыступу, перажыўшы Леніна ўсяго на дзесятак месяцаў.
Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ, «Бярэзінская панарама» (berezino.by)
Похожие статьи
Оставить комментарий