
Зорка Галівуда актрыса Ліза Кудраў нарадзілася ў 1963 годзе ў ЗША паблізу Лос-Анджэлеса (штат Каліфорнія). Яна знялася ў многіх фільмах і стала шырока вядомай кінаактрысай. На нашым тэлебачанні таксама дэманстраваўся кінасерыял з яе ўдзелам, які называецца «Сябры». Ліза наведала Ілью 6 лістапада 2008 года, дзе жылі да вайны яе прадзед і прабабка, пабыла ў Маладзечне, а да гэтага яшчэ і ў Мінску.
У галівудскай актрысы Лізы Кудраў беларускія карані. Яна прыехала ў Ілью 6 лістапада 2008 года, каб зняць фільм пра сваю сям’ю.
Ілья – радзіма продкаў Лізы Кудраў. Тут да вайны жылі з дзецьмі яе прадзед і прабабка, якія загінулі ад рук фашыстаў. Іх прозвішча – Мардуховічы, і жылі гэтыя людзі ў Старой Гуце ў сваім доме побач са смалярняй, на якой працавалі.
Уласнікам прадпрыемства быў яўрэй Вульф Рубін, і яго дом таксама знаходзіўся побач з домам Мардуховічаў. З сасновых пнёў на смалярні атрымлівалі шкіпінар, смалу, драўляны вугаль і прадавалі спажыўцам. З гэтага людзі жылі, хаця заробкі ў іх і не былі вялікія. Мабыць, таму некаторыя члены сям’і Мардуховічаў вырашылі пераехаць у Амерыку, што і зрабілі да вайны.
За акіянам яны і засталіся жыць назаўсёды. Там з часам нараджаліся дзеці, потым з’яўляліся ўнукі. Сярод іх была і Ліза.
Бацька Лізы працаваў доктарам, а яна, скончыўшы школу, паступіла ва ўніверсітэт і атрымала дыплом бакалаўра ў вобласці біяпсіхалогіі. Але ўвесь час дзяўчыну цягнула да сябе артыстычная дзейнасць, і яна перамагла – Ліза пачала здымацца ў кінафільмах і дасягнула вялікіх поспехаў. Атрымаўшы прэмію «Эмі» за 1998 год, становіцца зоркай Галівуда.
Ліза прыязджала ў Ілью, каб пабыць на радзіме сваіх продкаў, даведацца пра іх лёс, а здымачная група, якая яе суправаджала, зрабіла відыязапісы. Ім удалося з дапамогай мясцовых краязнаўцаў Марыі Алексяёнак, Аляксандра Гаўрыліка, Івана Рудніцкага і дырэктара краязнаўчага музея з Навагрудка Тамары Вяршыцкай адшукаць месца, дзе жылі Мардуховічы, удалося яшчэ знайсці пра іх адпаведныя дакументы ў Маладзечанскім архіве.
Ліза даведалася, што ў 1942 годзе немцы знішчылі яе прадзеда, прабабку і іх дзяцей Аўрама і Любу. Толькі аднаму хлопчыку Юру Барудзіну тады ўдалося цудам уцячы. Ён паспеў схавацца ў бліжэйшых кустах і потым пайшоў у лес. А пасля вайны Юра трапіў у Ізраіль, цяпер ён жыве ў Польшчы. Другога хлопчыка, які таксама ўцякаў разам з Юрам, немцы застрэлілі.
Ліза расказвала, размаўляючы з перакладчыцай Тамарай Вяршыцкай, што яе бабуля, якая пераехала з Ільі ў Амерыку, часта ўспамінала Ілью і мясцовыя краявіды. Яна казала, што ў Ільі было вельмі добра, бо побач з домам знаходзілася рака Ілія, тут жа паблізу быў лес. Бабуля вельмі сумавала ў Амерыцы, дзе не магла прывыкнуць да празмерна шумлівага гарадскога жыцця, да незнаёмых людзей.
Ліза даведалася, што да вайны ў Ільі жыло шмат яўрэяў, і амаль усе яны загінулі ад рук фашыстаў, якія знішчалі іх без жалю. Лічыцца, што ў Ільі загінула 750 яўрэяў – гэта лічба напісаная на надмагільнай пліце. Але ёсць звесткі, што загінуўшых было каля дзвюх тысяч. Іх знішчалі вялікімі партыямі і некалькі разоў. Немцы прыганялі людзей да вялікай глыбокай ямы, загадвалі пакідаць свае рэчы і распранацца. А паля стралялі па іх з аўтаматаў. Целы скідалі ў яму, палівалі бензінам і палілі, кідалі яшчэ ў агонь і гранаты, якія ўзрываліся і дабівалі раненых. Адна каманда немцаў і паліцаяў знішчала людзей, а другая тут жа забірала каштоўныя рэчы, золата, грошы. Усё гэта адразу адвозілі ў Вілейку, і там фашысты спраўлялі для сябе гулянкі з гарэлкай. Аб чым існуюць дакументальныя паказанні сведкаў, якіх спецорганы адшуквалі пасля вайны і дапытвалі, бо яны, будучы ў паліцыі, прымалі непасрэдны ўдзел у расстрэлах і грабяжах.
А жыхарка мястэчка Ілья Яўгенія Агеева, будучы ў вайну дзяўчынкай, казала, што яўрэі перад забойствам усе гучна маліліся каля ямы, іх малітва далёка разносілася па вёсцы і чуць яе было вельмі жудасна.
Пра ўсё гэта Ліза даведалася ў Ільі. Ёй расказвалі, як яўрэяў трымалі ў гета, здзекаваліся над імі, выганялі з хат і калонамі, у якіх было шмат жанчын, старых і дзяцей, узброены канвой гнаў па вуліцы да ямы, дзе іх знішчалі.
Праз 66 гадоў гэтай дарогай смерці прайшла і Ліза. На месцы забойстваў яўрэяў цяпер стаіць помнік. Ліза моўчкі пастаяла каля яго. Ёй прачыталі прозвішчы, напісаныя на пліце па-руску. Ліза плакала, яна пяшчотна паклала каменьчык на надмагільную пліту – так патрабуе іх традыцыя.
А пасля Ліза дзякавала ўсім, хто яе суправаджаў і дапамагаў. Яна казала, што мае намер прыехаць сюды зноў разам з бацькам, каб і ён пабачыў усё сам. Яшчэ Ліза прызналася, што моцна крануў жаль яе душу ў той момант, калі яна стаяла каля магілы. Яна тады не магла стрымаць сваіх слёз, хаця чалавек яна, як нам здалося, моцны і вельмі стрыманы.
Вядома ж, Ліза засталася задаволенай, што ажыццявіла сваю мару: адшукала сваіх родзічаў, пабыла на іх магіле, ушанавала іх памяць. Цяпер мы чакаем новых сустрэч са знакамітай артысткай, якая стала нам больш блізкай і зразумелай.
Уладзімір КАЖАМЯКА, rh.by, 5.02.20.