Аднойчы, наведваючы па журналісцкіх справах Слуцк, звярнуў увагу на невялічкую вулачку, што перакрыжоўвалася з цэнтральнай магістраллю горада. Яна насіла імя Сямёна Косберга. Зацікавіўся: хто ж такі Косберг, і чаму менавіта случчане ўшанавалі яго памяць?
Ён доўга быў у спісах засакрэчаных савецкіх спецаў ваеннай і ракетнай тэхнікі. І толькі праз некалькі гадоў пасля яго трагічнай смерці краіна даведалася чым праславіўся ўраджэнец Слуцка Сямён Арыевіч Косберг.
14 кастрычніка спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Сямёна Косберга. Але, усё па парадку.
Пачатак
Вядомы на Случчыне каваль Арыя Косберг ніколі не думаў, што адзін з дзевяці ягоных сыноў і дачок стане вядомейшым чалавекам планеты Зямля. Ён наогул не надта верыў у добрую будучыню паўночна-заходняга краю – так называлася Беларусь у тоешніх урадавых дакументах. Таму ў 1906 годзе Арыя пакінуў родны Слуцк і на некаторы час з‘ехаў у далёкую Амерыку. Але папрацаваўшы на аўтамабільным заводзе Форда, ён вярнуўся дадому і, зламаўшы пры ўсіх модны стэк, заявіў: «Аніякай Амерыкі!» – свайго шчасця каваль так і не знайшоў за акіянам.
Як чалавек працавіты, Арыя лічыў, што дзеці павінны пераняць кавальскія навыкі, якімі ён валодаў дасціпна. Прыйшлося ўзяць у рукі кувалду і сыну Шлёме (Сямёну). Можа, дзякуючы цяжкой рабоце ў кузні, Сямён Косберг закаліў сябе і ўсё жыццё рэдка ведаў што такое хвароба.
Да 23 гадоў Сямён жыў у Слуцку – вучыўся ў камерцыйным вучылішчы, рабіў у бацькавай кузні. Арыя лічыў, што сын стане дастойнай зменай яму. Сямён жа хацеў вучыцца далей. Таму ён наведваў вячэрнія заняткі і атрымаў пасведчанне аб сярэдняй адукацыі. Але далей працягваць вучобу ў заштатным гарадку было немагчыма. Адразу пасля службы ў войску і, два гады адпрацаваўшы на ленінградскай прадзільна-нітачнай фабрыцы імя Халтурына, хлопец паступае ў мясцовы палітэхнічны інстытут. Відаць, Сямён выявіў неблагія здольнасці. Невыпадкова апошні год вучобы ён правёў у сценах Маскоўскага інстытута авіяцыі. Яго Косберг закончыў ў 1930 годзе.
У небе…
Праз год Сямён Косберг атрымаў прызначэнне ў Цэнтральны інстытут авіяцыйнага маторабудавання на пасаду інжынера-канструктара. Амаль адразу ён звярнуў увагу на неэфектыўнасць карбюратарных сістэм авіярухавікоў. Малады спецыяліст лічыў, што паліва павінна паступаць непасрэдна ў галоўку цыліндраў. Прапановы маладога інжынера былі ўлічаны, тым больш, што СССР рыхтаваўся да маштабнай вайны ў небе. Вельмі хутка перспектыўнага інжынера прызначылі начальнікам навукова-даследчага аддзела, а затым прапанавалі стаць намеснікам галоўнага канструктара аднаго з вядучых сакрэтных «яшчыкаў» краіны – завода №33 Народнага камісарыята авіяцыйнай прамысловасці.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Сямён Арыевіч узначаліў Вопытна-канструктарскага бюро №154, якое працавала ў Сібірскіх гарадах Бердску і Новасібірску.
Менавіта вынаходніцтвы Косберга і ягоных паплечнікаў, а ўсяго ў ведамстве дырэктара
КБ налічвалася каля трох дзесяткаў спецыялістаў, захавалі жыцці тысячам савецкіх лётчыкаў. Рухавікі, на якіх былі ўстаноўлены агрэгаты непасрднага ўпрыску паліва знішчальнікаў Ла-5 і Ла-7 і бамбардзіроўшчыкаў Ту-2 і Ту-2Д, аказаліся больш надзейнымі за маторы нямецкіх «Фоке-Вульфа-190» і «Месершміта БФ.109». Яны хутчэй пераадольвалі узлётную паласу, сталі лепш манеўраваць у паветры, павялічыліся іх хуткасць і далечыня палёту. Вынаходніцтвы Косберга і яго калег выкарыстоўваліся таксама пасля вайны на самалётах Іл-12 і Іл-14, калі канструктарскае бюро пад назвай Аб‘яднанае КБ хімічнай аўтаматыкі было пераведзена ў Варонеж.
…і ў космасе
З лютага 1958 года пачаўся новы этап у жыцці Сямёна Косберга – ён знаёміцца з лідэрам савецкай касманаўтыкі Сяргеем Каралёвым. Двуступенчатая ракета-носьбіт Каралёва к гэтаму часу паспяхова вывела на зямную арбіту тры спадарожніка. Але для далейшага даследвання неабходна стварыць ракету, якая б здолела дасягнуць другой касмічнай хуткасці. І тут на дапамогу прыйшоў рухавік РД0105, які стаў састаўной часткай трэцяй ступені. Пры гэтым, рухавік запускаўся ўжо у касмічнай прасторы. Дзякуючы трэцяй ступені ў 1959 годзе савецкі лятальны апарат «Луна-2» дасягнуў спадарожніка Зямлі, а «Луна-3» перадаў у касмічны цэнтр фотаздымкі адваротнага боку Месяца.
Але галоўным дасягненнем савецкіх спецыялістаў касмічнай тэхнікі стаў запуск карабля з першым чалавекам. 12 красавіка 1961 года пілот «Востока» Юрый Гагарын за 108 мінут абляцеў нашу планету. Зараз кожны ведае, што вымавіў першы касманаўт, калі ракета ўзляцела над касмадромам – «Паехалі!». А вось тое, што ён сказаў праз некалькі хвілін, стала нам вядома значна пазней. Калі запусціўся рухавік блока трэцяй ступені, Гагарын не вытрымаў: «Косберг сработал!». За гэта, вярнуўшыся з космасу, кіраўніцтва выказала новаспечанаму маёру сваю незадаволенасць: усё ж-такі, Косберг – чалавек засакрэчаны!
Тым не менш, на другі дзень пасля пасадкі непадалёк ад Сталінграда, касманаўт на паласе газеты «Волжская коммуна» 13 красавіка пакінуў вынаходніку адзін з першых аўтографаў: «За третью ступень! Ю. Гагарин».
Але не ўсё было так гладка. Перад тым, як «Восток» з Юрыем Гагарыным абагнуў Зямлю, было некалькі няўдалых запускаў касмічных апаратаў. Апошняя аварыя на Байкануры адбылася 22 снежня 1960 года. Хваляваліся і за палёт Гагарына. Вось пра што расказаў у інтэрнэце ўнук Сямёна Косберга:
«За несколько дней до 12 апреля дедушка рухнул с чердака рыбачьего домика и повредил ногу. Поэтому на «Байконур» явился с палочкой — хромал сильно. Когда Гагарин крикнул о срабатывании третьей ступени, дедушка вскочил, зачем-то сломал совсем не тонкую палочку и пустился в пляс. А рядом сидел мрачный Мишин, отвечавший за тормозную систему и седел на глазах — его система была последней, и ждать ему пришлось дольше всех… Дедушка потом рассказывал – как на его глазах поседел Мишин за те самые 108 минут гагаринского полёта».
Сем гадоў працаваў Косберг поплеч з Каралёвым. Разам праектавалі і ажыццяўлялі паллеты зондаў да Марса і Вянеры, арбітальных караблёў з двума і трыма касманаўтамі, аперацыю па выхаду чалавека ў касмічную прастору, першую стыкоўку на арбіце…
Засталася памяць
Шмат чаго паспеў зрабіць Сямён Косберг. Шмат чаго не паспеў… У канцы 1964 года ён вяртаўся з Масквы ў Варонеж пасля чарговай нарады ў міністэрстве. Аўтамабіль, у якім ехаў Косберг, трапіў у аварыю. Не звяртаючы ўвагі на страшэнны боль, вучоны ў бальніцы сабраў сваіх намеснікаў і расказаў пры вынікі камандзіроўкі. Пасля гэтага яго стан пагоршыўся. Медыцынскія свяцілы, якія прыехалі ў Варонеж з Белакаменнай, не звярнулі ўвагу на зламанае рабро: ад яго адарваўся тромб, які 3 студзеня 1965 года стаў прычынай смерці. Пахаваны знакаміты случчанін на Новадзеваччых могілках ў Маскве.
Позняя слава прыйшла да Косберга. Аб яго смерці замежныя радыёгаласы паведамілі толькі праз чатыры гады. Краіна не ведала, што яшчэ ў 1961 годзе за ажыццяўленне палёту Гагарына Косбергу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, яму таксама была ўручана Ленінская прэмія.
Памяць аб Сямёне Косбергу ўвекавечана двума мемарыяльнымі дошкамі ў Варонежы: адна з іх устаноўлена у 1965 годзе на тэрыторыі канструктарскага бюро, другая адкрыта ў кастрычніку 2003 года на доме, дзе жыў вучоны. У Дзень касманаўтыкі ля КБ хімаўтаматыкі, якім доўгія гады кіраваў Сямён Арыевіч, адкрыты мемарыяльны комплекс у форме ракеты, макета зямнога шару і бронзавых бюстаў Каралёва, Гагарына і Косберга. Імем Косберга таксама названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Случчане таксама памятаюць пра свайго земляка. Стэнд раённага краязнаўчага музея расказвае пра жыццё і дзейнасць вучонага. А год назад, у гонар 50-годдзя палёту ў космас Гагарына, грамадскае аб‘яднанне «Садружнасць ветэранаў-ракетчыкаў» горада Слуцка ўстанавілі мемарыяьны знак, на якім выбіты крылатыя словы вучонага: «Учителями славится Россия, ученики приносят славу ей».
Аляксандр ЧАРНУШЭВІЧ