Дзісну наведала прыватная дэлегацыя з Ізраіля. Чатыры мужчыны і столькі ж жанчын ва ўзросце ад 50 да 85 гадоў, па сутнасці — члены адной сям’і. Іх агульны продак у далёкім 1925 годзе пакінуў горад на Дзвіне, скіраваўся ў Палестыну. Цяпер яго нашчадкі прыехалі пазнаёміцца з радзімай дзядулі.

Яўрэйская супольнасць ў Дзісне
Госці паўдзельнічалі ў мітынгу, які прысвячаўся чарговай гадавіне трагедыі — расстрэлу дзісенскага гета нацыстамі. Дарэчы, у пясчанай магіле ў сасонніку пад гранітнымі плітамі знайшлі апошняе супакаенне ўсе іх родныя, што заставаліся ў Дзісне.
Ізраільцяне пазнаёміліся з мінулым населенага пункта ў гарадскім музеі і падарылі яму старыя здымкі і малюнкі вуліц, славутых мясцін пачатку мінулага стагоддзя, пакаталіся на пароме.
І ўсё ж галоўнай мэтай гасцей было пабачыць былы дом дзядулі. На жаль, ён не захаваўся да нашага часу, аднак старая карта дазволіла вызначыць месца магчымага знаходжання будынка на рагу цяперашніх вуліц Леніна і Юбілейнай.
Яўген БАРАН, старшыня гарвыканкама, «Міёрскія навіны» (mijory.by)