
Беларуская зямля дала свету нямала таленавітых мастакоў. Вось толькі, на жаль, іх спадчына таксама захоўваецца дзесьці ў свеце. Работы многіх з іх вяртаюцца на радзіму толькі ў XXI стагоддзі. І для нас гэта сапраўды вялікія падзеі.
Чарговая радасная навіна — дзве карціны знакамітага прадстаўніка парыжскай школы жывапісу Пінхуса Крэменя папоўняць калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея. Да гэтага моманту ў музеі не было работ гэтага аўтара. Між іншым у нас ёсць поўнае права называць мастака сваім.
Пінхус Крэмень нарадзіўся ў 1890 годзе ў мястэчку Жалудок Лідскага павета Віленскай губерні. Вучыўся ў мастацкай школе Вільні, дзе пасябраваў з Суціным і Кікоіным. У 22-гадовым узросце пераехаў у Парыж. Малады аўтар пасяліўся ў інтэрнаце мастакоў «Вулей», дзе пазнаёміўся з Шагалам, Лежэ, Цадкіным, Мадыльяні і іншымі вядомымі майстрамі. Амаль адразу ж пры пераезде яго карцінамі пачалі цікавіцца парыжскія калекцыянеры. Пры жыцці Крэменя яго персанальныя выставы не раз праходзілі ў Парыжы, а таксама ў Лондане, Філадэльфіі, Лазане, Жэневе і іншых гарадах. Сёння яго карціны прадстаўлены ў музейных і прыватных зборах Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Ізраіля, Расіі і іншых краін.
Выкананыя алеем на палатне «Нацюрморт з яблыкамі і букетам кветак» (1930-я) і «Гарадскі пейзаж» (1920), прызначаныя ў якасці падарунка беларускаму музею, былі набыты на аўкцыёне. За сваю гісторыю яны не раз змянялі ўласнікаў — былі ў прыватных калекцыях у Францыі, Японіі, ЗША, іншых краінах. Вяртанне іх у Беларусь стала магчымым дзякуючы намаганням швейцарскага бізнесмена Клода Шыфмана і ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна, пры падтрымцы якога нядаўна былі вернуты тры карціны Надзі Хадасевіч-Лежэ і твор Міхаіла Кікоіна.
Карціны Пінхуса Крэменя ўжо ў Мінску. Але іх прэзентацыя ў музеі адбудзецца вясной, пасля невялікай рэстаўрацыі.
Людміла МІНКЕВІЧ (sb.by)