Аграгарадок Лужкі мае багатую гісторыю. У гэтым населеным пункце да нашых дзён захаваліся палацава-паркавы комплекс, велічныя праваслаўны і каталіцкі храмы, жылыя і гаспадарчыя пабудовы 19 стагоддзя, брукаваная вуліца. У Лужках нарадзіліся людзі, якія праславілі сябе і гэту мясцовасць далёка за межамі Беларусі. Да іх ліку адносяцца знакаміты мовазнаўца Эліэзер Бэн-Іегуда — адраджальнік мовы іўрыт, доктар Шыран, пісьменнік Васіль Стома-Сініца, рэвалюцыянерка Берта Перэльман. Шмат лёсавызначальных падзей адбылося ў Лужках за перыяд існавання населенага пункта. Мелі месца тут і падзеі Айчыннай вайны 1812 года, народныя хваляванні, накіраваныя супраць царызму, і жорсткія расправы гітлераўскіх захопнікаў над мірным насельніцтвам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У пачатку тыдня ў Лужках пачаў сваю работу мастацкі пленэр, прысвечаны Халакосту. На адкрыцці мерапрыемства прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, мастакі, грамадскія дзеячы, сябры аб’яднання “Полацкі яўрэйскі дабрачынны цэнтр Хэсэд Эфраім”.
— Мы, мастакі, сабраліся ў гэтым цудоўным месце, каб у чарговы раз праславіць Лужкі, — сказала ў час адкрыцця пленэру старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» Святлана Баранкоўская.
Намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Васілеўскі ў сваім звароце да прысутных адзначыў, што мясцовыя ўлады рады вітаць творчых людзей Беларусі на гасціннай шаркаўшчынскай зямлі. Ён таксама выказаў спадзяванне, што для кожнага ўдзельніка пленэру яна стане крыніцай натхнення для стварэння мастацкіх твораў.
— Гэта мой дваццаць сёмы па ліку пленэр, які я ў чарговы раз арганізавала разам са сваімі сябрамі, — расказала старшыня культурна-асветніцкага Цэнтра імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак. — Сёлетні мастацкі пленэр прысвячаецца Халакосту — праследванню і масаваму забойству яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны. Дарэчы, першы пленэр, прысвечаны гэтай тэме, прайшоў у 2004 годзе. З яго вынікамі — работамі мастакоў — кожны жадаючы можа азнаёміцца ў мясцовым Доме культуры.
Працягам мерапрыемства стала канцэртная праграма, у якой народны вакальны ансамбль “Лужкаўскія песняры” выканаў беларускія народныя песні і творы сучасных айчынных кампазітараў.
15 мастакоў з Полацка, Віцебска, Гомеля, Мінска, Шаркаўшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі на працягу тыдня ствараюць свае работы, прысвечаныя тэме праследвання і забойства нявіннага яўрэйскага насельніцтва нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна і, у прыватнасці, у Лужках.
Сяргей РАЙЧОНАК, «Кліч Радзімы» (klich.by), Шаркаўшчына