
Пра надзённыя пытанні, якія тычацца суіснавання прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў на тэрыторыі Беларусі, канструктыўна гаварылі ў Мінску прадстаўнікі ўлады, акадэмічнай навукі, кіраўнікі этнакультурных аб’яднанняў за круглым сталом «Роля і месца нацыянальных аб’яднанняў у зберажэнні ды ўмацаванні міру і згоды ў Рэспубліцы Беларусь». Мерапрыемства ладзілі Міністэрства юстыцыі з удзелам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У зале былі актывісты, прадстаўнікі больш чым 30-ці нацыянальных грамадскіх суполак, зарэгістраваных у Беларусі. Прапануем выступленне старшыні Салігорскага яўрэйскага грамадскага аб’яднання Яўгеніі Яфімавай
(публікуецца ў скарачэнні па матэр`ялах газеты «Голас Радзімы»)
Нацыянальныя суполкі, якія дзейнічаюць у нашай краіне – гэта самы талерантны сегмент грамадзянскай супольнасці Беларусі. Сама беларуская дзяржава пастаянна задае высокі, даверлівы ўзровень дыялогу ў выбудоўванні цывілізаваных стасункаў паміж тытульным і нятытульных этнасамі.
Ведаю многіх актывістаў з розных этнасуполак. Заўважала, што звычайна сябар нацыянальнага аб’яднання разважае так: спачатку я беларус у шырокім сэнсе слова, а затым – яўрэй, украінец, татарын… І гэта норма для сучаснай Беларусі. Такі вобраз мыслення ставіць трывалы заслон для крайняга нацыяналізму, грэблівага стаўлення да прадстаўнікоў іншых народаў.
Я ўзначальваю Салігорскае яўрэйскае грамадскае аб’яднанне. Наша суполка пастаянна атрымлівае дзейсную падтрымку з боку ўладных структур, іншых этнасуполак. І найбольш яскрава тое праявілася, калі вырашалася пытанне аб увекавечанні памяці ахвяр Халакосту ў нашых мясцінах.
Сёлета былі адкрыты два помнікі ў вёсцы Пагост Салігорскага раёна. Мяне глыбока кранула і ўсхвалявала, што на адкрыцці помнікаў здзяйснялі культавыя дзеянні прадстаўнікі розных рэлігій. Так лёгка было дасведчаным успомніць, што іудаізм, хрысціянства, іслам выраслі з аднаго кораня.
Для нас, актывістаў этнасуполак, нацыянальнасць і вера – гэта тое, што робіць чалавека адметным. Непаўторным. Мы – пастаянныя госці на святах, які арганізуюцца іншымі суполкамі, а яны прыходзяць на нашыя святы. Калі нашы сябры з іншых этнасуполак ядуць з намі мацу, далучаюцца да тых, хто танцуе «Сем сорак» ці спявае «Хава нагіла» – я, паверце, адчуваю неапісальны душэўны камфорт. І як тое забыць, калі ў славянскіх жанчын слёзы накатваліся, калі яны слухалі песню «Аідэшэ мамэ».
Мацуе міжнацыянальную згоду і тое, што неяўрэі цікавяцца праўдзівай гісторыяй пра яўрэйскі народ. Наша суполка, дарэчы, спрычынілася да выхаду фундаментальнай кнігі прафесара, доктара навук з Брэста Міхаіла Стральца «Евреи Германии: история и современность». Мы актыўна шукалі спонсараў. былі ў ліку арганізатараў прэзентацыі кнігі ў Гістарычнай майстэрні ў Мінску.
Пра тое, што ў Беларусі высокакультурнае, талерантнае грамадства, сведчаць і шматлікія змешаныя шлюбы: калі муж і жонка – не адной нацыянальнасці. Дарэчы, падобныя сем’і пераважаюць і ў нашай суполцы. А між тым, хоць даўно ўзначальваю арганізацыю, але ж ніколі не чула, каб паміж мужам і жонкай быў канфлікт з-за ўдзелу ў справах грамады.
Вельмі добра, што нацыянальныя аб’яднання ў Беларусі цяпер узначальваюць прадказальныя лідэры, якія пазбаўлены экстрэмісцкіх настрояў. Гэтыя людзі адэкватна ацэньваюць як межы, так і магчымасці грамадзянскай супольнасці ў выбудоўванні сапраўды цывілізаваных этнаканфесійных адносін. Выяўляючы разважлівасць і мудрасць, яны ніколі не апускаюцца да таго, каб разыгрываць нейкія фобіі. Я ўвесь час пераконваюся ў тым, маючы з імі сяброўскія зносіны.
Яўгенія Яфімава, старшыня праўлення Салігорскага яўрэйскага грамадскага аб’яднання
Ад рэдакцыі газеты «Голас Радзімы». Яўгенія Васільеўна патлумачыла: два новыя помніка ў вёсцы Пагост устаноўлены замест ранейшых, старых, пастаўленых з цэглы яшчэ ў 1944 годзе. Надпісы на іх сведчаць пра колькасць яўрэяў, расстраляных гітлераўцамі: 440 і 180 чалавек. Новыя помнікі ўзведзены пры ўдзеле Фонду імя Саймана Майкла Лазаруса (Вялікабрытанія). «Нікога не пакінулі абыякавымі ўспаміны сведкаў трагедыі — заслужанай настаўніцы Беларусі Людмілы Дубоўскай і настаўніка Віктара Цесаўца, – пісала пра падзею газета «Авив». – Ададдаць даніну памяці расстраляным прыйшлі таксама мясцовыя жыхары і школьнікі».
Як расказала Яўгенія Яфімава, адна з ініцыятарак аднаўлення помнікаў – мясцовая жыхарка Людміла Іванаўна Дубоўская. Гэта яна, сведка трагедыі, прасіла актывістаў Салігорскага яўрэйскага грамадскага аб’яднання прыкласці ўсе намаганні, каб яшчэ пры яе жыцці ў Пагосце з’явіліся новыя помнікі, бо сярод расстраляных былі і яе школьныя сябры. Дома Людміла Іванаўна зберагае здымкі аднакласнікаў, з якімі разам у 1941-м закончыла восьмы клас. Сведкам трагедыі быў і удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Чыжэвічы Віктар Цімафеевіч Цесавец.