Ансамбль яўрэйскай музыкі «Шалом» (што на іўрыце азначае «мір») для лідчан не патрабуе прадстаўлення – яго выступленні з’яўляюцца ўпрыгажэннем гарадскіх і раённых святаў, гучаць на біс і западаюць глыбока ў сэрцы гледачоў на самых розных канцэртных пляцоўках, у тым ліку – далёка за межамі Беларусі.
Ансамбль нават зняўся ў кіно – фільме «Шагал-Малевіч» аб сусветна вядомым мастаку і нашым знакамітым беларусе-земляку Марку Шагалу. А заснавальнікам і бяззменным кіраўніком «Шалома» вось ужо дваццаць два гады з’яўляецца Міхаіл Двілянскі. Асоба выдатная, шматгранная, таленавітая, віртуоз, адмысловы музыкант… «Адзін са старэйшых выкладчыкаў, стаяў ля вытокаў утварэння музычнага каледжа і закладваў асновы прафесіянальнай музычнай адукацыі на Лідчыне, – дапаўняе мяне дырэктар музычнага каледжа Алена Віктараўна Серакова. – Заснавальнік камернага ансамбля (зараз – аркестр) і ўвогуле выдатны калега, сябар, чалавек. Так, сапраўды, «Шалом» – з’ява ўнікальная і не толькі на Лідчыне. Яго ведаюць ледзь не ва ўсіх краінах свету. Лагічна, што менавіта Міхаілу Якаўлевічу прыйшла ідэя – правесці ўрок талерантнасці. І – сумясціць яго з юбілеем сваёй выкладчыцкай дзейнасці».
Так і супалі два грандыёзныя па сваёй задумцы мерапрыемствы: 45-годдзе педагагічнай дзейнасці Міхаіла Двілянскага і ўрок талерантнасці. На яго былі запрошаны прадстаўнікі розных канфесій: праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай, іудзейскай… Каб прыняць удзел у беспрэцэдэнтным уроку, у Ліду з Мінска прыехаў галоўны равін аб’яднання суполак прагрэсіўнага іудаізму Рыгор Абрамовіч. Далучыліся епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, а таксама старшыня рэлігійнай суполкі мусульман г.Ліды Мацвей Шабановіч.
Гэта быў першы і адзіны падобны ўрок міру, згоды, сяброўства і ўзаемапавагі ў Лідзе, Беларусі ды і не толькі. Цяжка назваць краіну і месца, дзе б вось так, як у Лідзе, у адным месцы адначасова сабраліся б галоўныя духоўныя лідары розных канфесій і дзе б прагучалі малітвы на розных мовах у арыгінальным выкананні!
Ілюстрацыяй падзеі стала багатая канцэртная праграма, якая ўвабрала музычныя здабыткі розных нацыянальнасцей – беларускай, рускай, польскай, яўрэйскай. Канцэрт быў падрыхтаваны навучэнцамі музычнага каледжа, вядома – ансамблем «Шалом» і самім юбілярам, Міхаілам Двілянскім. У адрас яго прагучала шмат цёплых слоў. Прызнаннем працы сталі высокія ўзнагароды – Ганаровая грамата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Падзячнае пісьмо Сусветнага саюза прагрэсіўнага іудаізма – за значны асабісты ўклад у захаванне яўрэйскай культуры і традыцый, міжнацыянальнага і міжканфесіянальнага дыялогу ў Беларусі. Міхаіла Якаўлевіча чакае яшчэ адна ўзнагарода – ганаровая грамата Лідскага райвыканкама.
З лёгкай падачы юбіляра ў Лідскім музычным каледжы з’явілася новая добрая і вельмі важная традыцыя, а Ліда стала кропкай на карце Беларусі, дзе сканцэнтрыравалася галоўная якасць беларускага менталітэту – талерантнасць, дзе ў поўнай меры знайшло праяўленне мірнае суіснаване розных канфесій і нацыянальнасцей.
Вольга ЯХАНТАВА, «Лідская газета» (lidanews.by)