«Той, хто ратуе адну душу, ратуе ўвесь свет». Гэтыя словы з яўрэйскай малітвы, якой больш за 3000 гадоў, не страцілі свайго сэнсу і па сённяшні дзень. Яны напісаны на кожным імянным медалі Праведнікаў сярод Народаў Свету – людзей, якія рызыкавалі ўласнымі жыццямі і жыццямі сваіх блізкіх з адной мэтай – выратаваць яўрэяў ад рук нацысцкіх катаў у гады Другой сусветнай вайны.
Слова «праведнік» (чалавек, які жыве згодна з рэлігійнымі правіламі) пасля Другой сусветнай вайны атрымала яшчэ адно значэнне. Праведнікамі сталі называць тых, хто, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём сваіх родных, ратаваў яўрэяў ад смерці. Званне «Праведнік сярод Народаў Свету» прысвойвае Ізраільскі Мемарыяльны музей памяці ахвяр і герояў Катастрофы еўрапейскага яўрэйства «Яд Вашэм». У свеце сёння вядомы імёны больш 25270 такіх людзей. У тым ліку больш як 790 — з Беларусі.
Толькі на Навагрудчыне ў гады Халакосту было знішчана каля 10 000 яўрэяў. І гэта лічба магла б быць большай. Аднак знайшліся людзі, нашы землякі, якія, не пабаяўшыся смерці за выратаванне яўрэяў, працягнулі ім руку дапамогі. Зараз іх называюць Праведнікамі сярод Народаў Свету. А тады, хаваючы ў сваіх дамах часам зусім незнаёмых людзей, яны не думалі пра сябе. 13 ураджэнцам Навагрудчыны прысвоена званне «Праведнік сярод Народаў Свету». Былі і тыя, чый подзвіг і сёння застаецца невядомым і мае патрэбу ў прызнанні і памяці.
Дом Канстанціна Казлоўскага стаў для ўцекачоў з навагрудскага гета дарогай да выратавання. Партызаны Бельскага рэгулярна наведваліся да Казлоўскага, каб забраць чарговую групу ўцекачоў. Паводле ацэнак Інстытута «Яд Вашэм», Казлоўскі выратаваў больш за 500 яўрэяў. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі Канстанцін жыў у вёсцы Лаўцы і да пенсіі працаваў нарыхтоўшчыкам. Ён памёр 12 ліпеня 1981 года ва ўзросце 95 гадоў. Інфармацыя пра подзвіг Казлоўскага не была вядома да распаду СССР. Нават унукі Канстанціна не ведалі пра яго дзейнасць падчас вайны. 22 снежня 1993 года ізраільскі Інстытут Катастрофы і гераізму Яд Вашэм за ўдзел у выратаванні яўрэяў ад генацыду прысвоіў Канстанціну Казлоўскаму і яго сынам Генадзю і Ула¬дзіміру ганаровае званне «Праведнік сярод Народаў Свету».
Макрэцкі хутар
У невялікай вёсцы Макрэц, што па дарозе на Ліду, жыве Ірына Міхайлаўна Казлоўская. Сёння ў свае восемдзесят гадоў яна засталася зусім адна. Даўно не стала бацькоў, жыццё прайшло ў працы, штодзённых турботах. Але назаўжды ў гісторыі яе сям’і пакінула адбітак вайна…
У 1941 годзе, калі немцы прыйшлі на Навагрудчыну, Ірыне споўнілася чатыры гады. Бацькі, як і ўся сям’я Казлоўскіх, жылі на хутары, які называлі Макрэцкі. Калісьці, задоўга да вайны, Рыгор, дзед Ірыны Міхайлаўны, працаваў у пана ў млыне. Аднойчы малацілкай яму пашкодзіла руку, так і застаўся інвалідам, без адной рукі. А пан даў яму зямлю і дазволіў будавацца на хутары. Так Казлоўскія атрымалі свой кавалак зямлі. Шмат працавалі, але жылі небагата.
– Сям’я была вялікая, – расказвае Ірына Міхайлаўна. – Сыны дзеда: Канстанцін, Іван, мой бацька Міхаіл, Аляксандр – жылі сваімі сем’ямі недалёка адзін ад аднаго. Як і многія ў той час, думалі аб адным: як пракарміць і выгадаваць дзяцей. Побач на хутарах жылі Лаўскія, Баброўскія. У суседніх вёсках былі і яўрэйскія сем’і. Так, мой бацька вучыўся за шаўца ў яўрэя Велькіна. Добра ведалі Казлоўскія і сям’ю Бельскіх – сябравалі, разам хадзілі на танцы.
Выратаваныя жыцці
Невыпадкова, што ў страшныя гады Вялікай Айчыннай хутар Макрэц стаў перавалачнай базай на шляху ўцекачоў з гета ў лясны лагер. Калі пачаліся масавыя расстрэлы яўрэяў, сярод тых, хто выратаваўся, былі браты Бельскія, з якімі Канстанцін Казлоўскі, дзядзь¬ка Ірыны Міхайлаўны, сябраваў з самага дзяцінства.
– Бельскія трымалі сувязь з Канстанцінам, які хаваў яўрэяў і перапраўляў да партызан, – успамінае Ірына Міхайлаўна. – Жыў Канстанцін адзін з пяцярымі дзецьмі, жонка яго памерла яшчэ да вайны. Яму дапамагалі мой бацька і дзядзька Іван, які спецыяльна пайшоў служыць да немцаў. Праз яго партызаны даведваліся аб планах немцаў, атрымлівалі зброю, медыкаменты. Падчас сваіх дзяжурстваў Іван дапамагаў яўрэям уцячы з лагера.
Паводле слоў Ірыны Міхайлаўны, адной з тых, каму дапамог Іван Казлоўскі, была ўнучка іх суседа Велькіна. Яе мы звалі Двося, – удакладняе Ірына Міхайлаўна. Маладую дзяўчыну немцы забралі ў гета, дзе яе і ўбачыў Іван і дапамог уцячы. Колькі блукала дзяўчына па лесе, ніхто не ведае, але прыйшла ў знаёмыя мясціны. Нікога з родных не было – дзеда і бабулю забралі немцы. І яна накіравалася на хутар да Казлоўскіх. Там ёй дапамаглі і пераправілі да партызанаў.
Аб тым, што Казлоўскія звязаны з партызанамі, практычна ніхто з суседзяў не ведаў. Хутар знахо¬дзіўся далёка ад дарогі, каля самага лесу. І пра тое, што тут адбывалася, ведалі толькі самыя блізкія людзі.
– Ці ж пра такое гавораць? Мы і пасля вайны нікому нічога не расказвалі,– здзівілася Ірына Міхайлаўна. – Як ратавалі яўрэяў, мне праз шмат гадоў пасля вайны расказала маці. Асабліва помнілася ёй, як хавалі яўрэяў у яме. Аднойчы да іх хаты прыйшлі людзі, якія ўцяклі з гета. Каб схаваць іх, зрабілі каля лесу вялікую яму, якую зверху прыкрылі, каб нічога не было відаць. Дванаццаць чалавек некалькі дзён хаваліся ў яме, а бацька і дзядзька ноччу насілі ім ежу. Страшна было, але як не дапамагчы. Хто былі тыя ўцекачы, не распытвалі. Не да таго было. Праз Канстанціна, які трымаў сувязь з партызанамі, перадалі вестачку аб выратаваных. Аднойчы ноччу за імі прыйшлі партызаны.
Канстанцін Казлоўскі і яго браты рызыкавалі штодня, штогадзіны. На кожным слупе новая ўлада папярэджвала: публічнае пакаранне, экстраннае, без суда і следства кожнаму, хто адважыцца хаваць і ратаваць яўрэяў. Таму самая нязначная памылка магла каштаваць жыцця ўсім – выратаваным, Казлоўскім і іх дзецям.
– Вядома, было страшна, – працягвае Ірына Міхайлаўна. – Вайна… Немцы прыязджалі і да нас на хутар. Адзін з такіх момантаў я добра памятаю. Бацькі паехалі ў горад, а нас з маёй стрыечнай сястрой пакінулі з дзедам Рыгорам. На хутары з’явіліся немцы. Яны сталі біць дзеда і дапытвацца, дзе партызаны. Мы з сястрой схаваліся пад лавай і моцна плакалі. Немец выцягнуў мяне за валасы з-пад лавы і стаў пытаць у дзеда, што за дзіця. Дзед адказаў, што яго ўнучка…
Часта на хутар наведваліся партызаны. Казлоўскія, чым маглі, дапамагалі, хаця добра ведалі: немцы пакараюць любога, хто звязаны з партызанамі ці хавае яўрэяў.
– Маці мыла бялізну для партызанаў і пякла хлеб. Напячэ булак дзесяць, а ноччу з лесу за імі прыязджаюць, – гаворыць жанчына. – А бацька быў добрым шаўцом. Рамантаваў і шыў для партызанаў абутак. Мама расказвала, што аднойчы бацьку трэба было занесці боты, якія ён пашыў для партызанаў, у суседнюю вёску. Па дарозе яго затрымалі немцы. Доўга дапытвалі, куды ідзе і па што, потым моцна збілі, але пакінулі ў жывых. А вось дзядзьку Івана немцы забілі. Невядома, як яны дазналіся пра тое, што ён дапамагаў партызанам…
Пасля вайны
У першыя гады пасля вайны Казлоўскія працягвалі жыць на хутары. Потым Канстанцін ажаніўся і пераехаў у вёску Лаўцы. Сёння там жывуць яго сыны ад другога шлюбу. Міхаіл Казлоўскі памёр рана, у 1948 годзе. Яго жонка Зінаіда Паўлаўна засталася адна з дзецьмі. Як і ўсе, працавала ў калгасе, а з цягам часу пераехала ў вёску Макрэц, дзе сёння жыве Ірына Міхайлаўна. Яна і яе стрыечная сястра Ніна апошнія з Казлоўскіх, хто помніць, як іх сям’я дапамагала ратаваць яўрэяў. Хаця аб тых падзеях гаворыць неахвотна. Яна і сёння ўпэўнена: людзям трэба дапамагаць. І не важна: яўрэй гэта ці беларус.
У яўрэйскай легендзе гаворыцца: свет трымаецца на трыццаці шасці праведніках. Нічым не адрозніваюцца яны ад простых смяротных. І часта ім самім невядома, хто яны. Але калі б не было хаця б аднаго з іх у кожным пакаленні, чалавецтва захлынулася б у крыку роспачы. Звання «Праведнік сярод Народаў Свету» ўдастоены тыя, хто, рызыкуючы жыццём, ратаваў яўрэяў ад нацысцкага генацыду. Аднак многія, хто па сутнасці сваёй з’яўляецца праведнікам, такога звання не маюць. Але гэта не змяншае іх мужнасці і чалавечнасці – ахвяраваць сваім жыццём дзеля іншых могуць толькі праведнікі. І нам трэба ведаць іх імёны.
Алена Ганцэвіч, «Новае жыццё» (novgazeta.by)