На працягу гэтага года ў Навагрудку праходзілі здымкі дакументальнага фільма «Лехаім! – За жыццё!». Падзеі фільма расказваюць пра страшныя гады Вялікай Айчыннай вайны, пра тых яўрэяў Навагрудка, хто выбраў жыццё і не скарыўся. І пра тых беларусаў і палякаў, без дапамогі якіх многім яўрэям было б проста немагчыма застацца ўжывых. У знак памяці аб загінулых і пашаны да тых, хто выжыў – Лехаім!
Жыццё – галоўная каштоўнасць у іудаізме і ў яўрэйскай традыцыі. «Хаім» у перакладзе з іўрыта азначае «жыццё». Фільм «Лехаім! – За жыццё!» здымаецца студыяй «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм» (рэжысёр Ірына Волах). У здымках фільма прымалі ўдзел школьнікі і студэнты з Навагрудка.
Адзін дзень здымкаў у ролі вязняў гета, безумоўна, не даў удзельнікам карціны поўнага адчування таго, што перажылі яны, тыя, хто капаў тунэль. Але ж якія яны цяжкія, гэтыя, здавалася б, невялікія мяшочкі з зямлёй! Як маглі галодныя і стомленыя, але нязломленыя людзі з дня ў дзень на працягу чатырох месяцаў крок за крокам пераадольваць адну перашкоду за другой і рухацца наперад? Як змаглі яны пабудаваць новае жыццё і новую краіну пасля ўсяго перажытага? Хіба гэта не прыклад мужнасці і жыццястойкасці?
***
8 студзеня 1941 года, 77 гадоў таму, гэбітскамісар Навагрудка Вільгельм Трауб адным загадам вырашыў лёсы 5100 яўрэяў Навагрудка, адабраўшы іх жыцці. Лёс тых, хто заставаўся ўжывых, быў таксама вырашаны. Гэта было пытанне часу. Разлічваць на дапамогу было складана – пакараннем за ратаванне яўрэяў была смерць.
***
Аднак знаходзіліся тыя, хто, ахвяруючы сваімі жыццямі, ратаваў яўрэяў.
Вось толькі невялікая гісторыя. Адзін з герояў фільма – Яўген Іосіфавіч Андрэйчык (на здымку). Да слова, зараз Яўген Іосіфавіч з’яўляецца старшынёй Асацыяцыі былых вязняў гета і канцлагераў у Беларусі. Ён удзельнічаў у здымках фільма і расказаў гісторыю сваёй сям’і.
Нарадзіўся Яўген Іосіфавіч Андрэйчык у 1938 годзе ў змешанай сям’і: бацька – беларус, маці – яўрэйка. Бацька яго быў родам з Навагрудчыны і да вайны займаў пасаду намесніка старшыні Вярхоўнага Суда БССР. Сям’я жыла ў Мінску, а ў першыя дні вайны бацьку разам з іншымі адказнымі работнікамі адправілі на самалёце ў Маскву, а адтуль – у Куйбышаў. Сем’і забраць не дазволілі.
Жэню было 4 гады, калі разам з маці і старэйшай сястрой Любай ён апынуўся ў мінскім гета. Пасля першага вялікага пагрому ў лістападзе 1941 г. маці зразумела, што ёй з дзецьмі не выжыць у гета і шукала магчымасці ўцячы. Аднойчы снежаньскім вечарам яны ўцяклі з гета і прыйшлі да знаёмай, прозвішча якой было Жукоўская і ў якой было чацвёра сваіх дзяцей. (Пасля вызвалення стала вядома, што фашысты расстралялі Жукоўскую ў канцы вайны). Яна дапамагла з дакументамі, якія давалі права выехаць з горада. Больш таго, Жукоўская арганізавала падводу, на якой усе трое прыехалі на хутар Грабаўка каля Навагрудка, дзе жыў брат бацькі. Антон Андрэйчык прыняў сваякоў-яўрэяў, хоць добра ведаў, чым гэта можа скончыцца. Сям’я была бедная, самым не было чаго есці, вопраткі і абутку таксама не было. Малы Жэня разам з маці хадзіў па суседніх вёсках жабраваць. Аднойчы іх затрымалі паліцаі. Яны палічылі Марыю Саламонаўну яўрэйкай і для праверкі прымусілі зноў і зноў паўтараць розныя словы з літарай «р», а Жэню загадалі зняць порткі. На шчасце, маці не картавіла, а Жэня не быў абрэзаны. На гэты раз адпусцілі.
Вясной 1942 года іх усё ж такі арыштавалі. Выдаў сусед Мікалай Рашэтнікаў. Паліцаі білі маці і прымушалі прызнацца, што яна яўрэйка, але жанчына не прызнавалася. Цэлы месяц Марыю Саламонаўну разам з дзецьмі вазілі па вёсках, каб хто-небудзь пацвердзіў яе асобу. Нарэшце іх прывезлі ў Мір. Марыю вызвалі ў камендатуру на допыт, адтуль яна вярнулася заплаканая і сказала, што раніцай іх павесяць. Ніхто з дзяцей не плакаў, проста больш не было сіл.
А раніцай іх пагрузілі на падводу і малады чалавек, які працаваў у камендатуры перакладчыкам, адвёз іх назад на хутар да дзядзькі Антона. Іх выратавальнікам быў той самы Освальд Руфайзен – яўрэй, які выдаваў сябе за фольксдойчэ (этнічныя немцы, якія жылі ў дыяспары за межамі Германіі) і прыклаў шмат намаганняў, каб вырата¬ваць сотні яўрэяў з мірскага гета перад яго ліквідацыяй у ліпені 1942 года. Той раніцай ён скарыстаўся адсутнасцю каменданта і, рызыкуючы сваім жыццём, вывез прыгавораных да смерці. У маі 1944 года яны сустрэліся зноў у атрадзе Бельскага.
Жыццё на хутары па-ранейшаму было галодным і небяспечным. Час ад часу наведваліся паліцаі, і тады маці з дзецьмі хаваліся ў яме, якую спецыяльна выкапалі ў зарасніках арэшніку непадалёку ад хаты. Восенню 1943 года, не знайшоўшы нікога ў хаце, паліцаі сказалі, што вернуцца на наступны дзень, і загадалі дзядзьку Антону нічога не казаць маці. Калі яе з дзецьмі не будзе, абяцалі расстраляць яго самога. Што рабіць? Дзядзька Антон загадаў ім уцякаць. Увечары Марыя з сынам пайшлі з хутара. Сястра Люба ў гэты час была на суседнім хутары ў палякаў Раманоўскіх, пасвіла скаціну, зарабляючы кавалак хлеба.
Раніцай паліцаі з’явіліся зноў. Дзядзьку Антона паставілі да сцяны і некалькі разоў выстралілі, але не забілі. А Марыя з дзецьмі прыйшлі ў в. Сёгда, дзе былі партызаны. Адтуль іх пераправілі на хутар Макарэвічаў каля в. Волца. Вясной 1944 года, калі і там стала небяспечна, партызаны атрада ім. Молатава перавезлі іх у Налібоцкую пушчу ў атрад Бельскага. Так пяцігадовы Жэня Андрэйчык трапіў у знакаміты партызанскі атрад братоў Бельскіх, а яго мама стала партызанкай.
Там, у Налібоцкай пушчы, яму ўсё было цікава: ён мог гадзінамі стаяць і назіраць, як партызаны выразалі прыклады для зброі з бярозавых пален. Аднойчы Жэня ўбачыў самога Тувію Бельскага. Гэта было ў апошнія дні перад выхадам з лесу. Са штабной зямлянкі выйшаў нямецкі афіцэр, якога незадоўга да гэтага ўзялі ў палон. Жыхары лагера, у асноўным жанчыны, акружылі яго, гатовыя голымі рукамі разарваць на часткі. У гэты момант з зямлянкі выскачыў Тувія і стрэліў з аўтамата ў паветра, загадаўшы ўсім разысціся. Палоннага нямецкага афіцэра потым адправілі на самалёце ў Маскву. Жаданне адпомсціць было галоўнай сілай, якая прымушала людзей жыць. Так сказаў яшчэ адзін герой фільма, Зээў Ліхтэнштэйн, маці якога была ў атрадзе Шолама Зорына.
Другім разам Жэня ўбачыў, як праз лагер ішоў малады яўрэй з акрываўленым нажом у адной руцэ, трымаючы нешта акрываўленае ў другой. Вочы маладога чалавека былі шалёныя. Маці пазней расказала, што гэты малады яўрэй звар’яцеў, калі выпаўз з расстрэльнай ямы, і яго адзіным жаданнем была помста. Відаць, яго трафеем быў кавалак чэрапа аднаго з двух немцаў, якіх партызаны ўзялі жывымі і прывялі ў лагер. Іх літаральна разарвалі на часткі.
І тым не менш, фільм называецца «Лехаім! – За жыццё!». Час помсты прайшоў. Наступіў час асэнсавання. Каб трагедыя, якая называецца Халакостам, не аказалася дарэмнай, пра яе павінны ведаць і помніць. Гэтага хочуць нашчадкі тых, хто перажыў вайну, яўрэі і беларусы, немцы і палякі – усе, каго хвалюе заўтрашні дзень. Інакш мільёны жыццяў, загубленых падчас вайны, акажуцца дарэмнай ахвярай.
Музей яўрэйскага супраціўлення, Сад Справядлівасці і Міласэрнасці ў гонар беларусаў і палякаў, якія ратавалі яўрэяў, Сцяна Памяці… Гэта не проста даніна памяці і спроба зафіксаваць унікальны пабег апошніх 227 вязняў навагрудскага гета праз тунэль і дзейнасць яўрэйскага партызанскага атрада Бельскага. Перш за ўсё – гэта пляцоўка для дыялогу а ў будучым і адукацыйны цэнтр.
Тамара ВЯРШЫЦКАЯ, куратар Музея яўрэйскага супраціўлення. Фота з архіва Т. Вяршыцкай, зробленыя падчас здымкаў фільма. «Новае жыццё» (novgazeta.by)
Похожие статьи
Оставить комментарий