
Дзятлава наведала сям’я Дварэцкіх з Ізраіля, якія ў складзе чатырох чалавек прыляцелі ў Беларусь, каб пабыць на радзіме сваіх продкаў. Адзін з гасцей, дзіцячы ўрач, прыляцеў спачатку з Аргенціны ў Ізраіль, каб разам са сваёй раднёй дакрануцца да мацэў сваіх блізкіх і сабраць каменьчыкі на яўрэйскіх могілках у Дзятлаве.
Як стала вядома з размовы, госці аказаліся ўнукамі роднай сястры Альтара Дварэцкага, вядомага ўсім яўрэям, якія выжылі ў Дзятлаве ў гады Халакосту. Сястра выехала з сям’ёй за мяжу ў 1926 годзе, а малодшы брат застаўся ў Дзятлаве.
Хто ж такі Альтар Дварэцкі? Каб адказаць на гэта пытанне, трэба вярнуцца ў гады акупацыі Дзятлава.
Перад вайной у Дзятлаве жыло 2376 яўрэяў — амаль 60 працэнтаў мясцовага насельніцтва. У 1939-1941 гадах у горад прыбыло мноства яўрэйскіх уцекачоў з заходняй і цэнтральнай Польшчы, захопленай Германіяй. Да чэрвеня 1941 года яўрэйскае насельніцтва Дзятлава ўзрасло больш чым да 4500 чалавек.
Мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй 3 гады — з 30 чэрвеня 1941 года да 9 ліпеня 1944 года. Адразу пасля акупацыі ваенны камендант Дзятлава загадаў яўрэям пад пагрозай смерцi прышываць спераду і ззаду жоўтыя нашыўкі на адзенні, без іх яўрэі не мелі права з’яўляцца на вуліцах.
Немцы вельмі сур’ёзна ставіліся да магчымасці яўрэйскага супраціўлення і таму ў першую чаргу забівалі яўрэяў-мужчын ва ўзросце ад 15 да 50. Па гэтай прычыне 23 ліпеня 1941 году каля 120 з найбольш паважаных яўрэяў са спісу, складзенага айнзацгрупай, сабралі на плошчы. Сярод арыштаваных былі Альтар Дварэцкі, рабін і Янкель Каплан. За хабар, дадзены паліцаям, удалося вызваліць Дварэцкага і рабіна. Астатніх забралі нібыта на прымусовыя работы, але праз два дні высветлілася, што іх забілі ў лесе каля казармы ў г. Наваградку.
У канцы жніўня 1941 года быў сфарміраваны юдэнрат- яўрэйскае самакіраванне ў гета. Яўрэйскае гета- гэта месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Дзятлава падчас акупацыі. У склад юдэнрата ўвайшлі: Альтар Дварэцкі, Гірш Віньямовіч, Іегуда Лускі, Мошэ-Мендэль Лейзяровіч, Элі Наваленскі, Давід Сендзяроўскі, Файвель Эпштэйн, Шауль Каплінскі, равін Іцхак Рэйсер і Берл Рабіновіч. Шмуэль Кусцін быў прызначаны старшынёй юдэнрата, а Дварэцкі — яго намеснікам. Неўзабаве 37-гадовы Дварэцкі (ён атрымаў адукацыю адваката ў Берліне і Варшаве) замяніў Кусціна ў якасці кіраўніка юдэнрата.
28 лістапада 1941 года яўрэяў Дзятлава прымусілі здаць усе каштоўныя рэчы. Лібэ Геркоўскага абвінавацілі ва ўтойванні золата і застрэлілі на вачах у людзей. 15 снежня 1941 году каля 400 яўрэяў-мужчын адправілі ў працоўны лагер мястэчка Дварэц на будаўніцтва аэрадрома пад кантролем нацысцкай арганізацыі Тодта.
22 лютага 1942 года нацысты сагналі ўсіх дзятлаўскіх яўрэяў (4500 чалавек) у гета, якое было арганізавана ў раёне сінагогі. Гета было закрытага тыпу, цалкам ізалявана ад знешняга свету, абгароджана драўляным плотам з калючым дротам і кругласутачна ахоўвалася, двое мясцовых паліцаяў заўсёды дзяжурылі каля брамы.
Любыя кантакты з неяўрэйскім насельніцтвам, нават размовы, забараняліся пад страхам смерці, перадача ежы ў гета каралася расстрэлам абодвух бакоў. Тым не менш мясцовыя жыхары знаходзілі магчымасць прыносіць у гета ежу, прадаючы яе за золата, адзенне і іншыя рэчы. Яўрэяў, выводзячы з гета ў калонах на прымусовыя работы, старанна ахоўвалі.
У дамы немцы засялілі па 5-6 сем’яў, многія сем’і былі падзелены. У кожным пакоі былі вымушаны туліцца па 8 і больш чалавек. Мэбля з дамоў у гета была вынесена, каб змясціць усюды двух’ярусныя ложкі.
Восенню 1941 года, яшчэ да стварэння гета, Альтар Дварэцкі арганізаваў падпольную групу супраціўлення колькасцю каля 60 чалавек. Ён усталяваў сувязі з яўрэямі ў бліжэйшых вёсках, а таксама з групай аператыўнікаў Чырвонай Арміі, якія арганізоўвалі партызанскія атрады ў нашым раёне. Дварэцкі падзяліў групу на 20 ячэек, кожная з якіх складалася з 3-х чалавек. Некаторую колькасць зброі яны змаглі набыць яшчэ за месяц да стварэння гета. Каля дзесяці сябраў падпольнай арганізацыі здолелі ўвайсці ў склад яўрэйскай паліцыі гета, каб валодаць аператыўнай інфармацыяў і пры неабходнасці папярэдзіць астатніх.
Група на чале з Дварэцкім ставіла наступныя мэты: збіраць грошы, каб купіць зброю і прынесці яго ў гета; падрыхтаваць запас зброі для нападу на ваенную камендатуру ў тым выпадку, калі немцы пачнуць ліквідоўваць гета.
20 красавіка 1942 года Дварэцкі і 6 яго паплечнікаў былі вымушаны бегчы ў лес, таму што немцы даведаліся аб іх арганізацыі; сам Альтар Дварэцкі неўзабаве пасля гэтага быў забіты ў засадзе.
Гета ў Дзятлаве было знішчана ў выніку двух масавых расстрэлаў вязняў — у красавіку і жніўні 1942 года. У многіх дакументах і сведчаннях ліквідацыя Дзятлаўскага гета вядомая пад назвай «Разня ў Дзятлаве».
На гэтым скончылася гісторыя не толькі Дзятлаўскага гета, але і яўрэйскай абшчыны Дзятлава. Усяго за час акупацыі гітлераўцы замучылі і забілі ў Дзятлаве 5800 яўрэяў. Некалькі соцень яўрэяў змаглі выратавацца і дажылі да вызвалення ў сямейным партызанскім лагеры. Сёння вядомы няпоўныя спісы забітых яўрэяў Дзятлава. З 3500 забітых прозвішчы 1601 чалавека да цяперашняга часу ўстанавіць не ўдалося.
Сям’я Дварэцкіх наведала Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, музей гімназіі № 1 г.Дзятлава, гістарычны цэнтр горада, дзе праходзіў «Зецельскі фэст», яўрэйскі могільнік, магілы масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва Дзятлава.
Алена АБРАМЧЫК, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея, «Перамога» (diatlovonews.by)